14 снежня 2025, Нядзеля, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Баршчэўскі: «Галоўнае – гэта абарона незалежнасці Радзімы»

Лявон Баршчэўскі: «Галоўнае – гэта абарона незалежнасці Радзімы»

Галоўнай мэтай дзейнасці Беларускага Народнага Фронта пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага стане абарона незалежнасці Беларусі.

“Галоўнае – гэта абарона незалежнасці Радзімы, бо зноў з’явіліся нейкія інтаграцыйныя памкненні. Гэта задача нумар адзін. Беларускі Народны Фронт успрымаецца ў грамадстве як пэўны сімвал ці гарант незалежнасці, таму гэтая барацьба зараз прыярытэт”, -- заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 новы старшыня партыі, вядомы грамадскі дзеяч і выбітны перакладчык, які ўжо кіраваў Фронтам пасля ад’езду з Беларусі Зянона Пазняка.

-- Спадар Лявон, што Вас прымусіла прыняць такое важнае рашэнне і ўзначаліць Беларускі Народны Фронт. Гэта ж цалкам мяняе Вашае жыццё…

-- Безумоўна, мяняе жыццё. І я, канешне, думаў, што я назаўсёды пакінуў гэтую сцязю, таму што многа іншых планаў, і творчых, і працоўных, і абяцанак многа зроблена. Думаю, што прымусіла мяне гэта зрабіць жаданне, каб не ўзнікла адчуванне расколу ў арганізацыі праз гэты з’езд. Склад дэлегатаў быў такі, што з’езд мог скончыцца расколам. Хаця я не думаю, што склад Фронта ў цэлым такі. Я бы сказаў, што склад дэлегатаў не зусім адпавядаў складу Фронта. Калі я гэта ўбачыў, зразумеў, што пагроза сур’ёзная. І таму я выступіў як гарант ад расколу. Трэба сфармаваць належныя рабочыя органы партыі, абнавіць кіраўніцтва ў рэгіянальных і менскіх структурах, падрыхтаваць чалавека ці людзей, якія патэнцыйна, без усялякага сумнення, з абсалютным аўтарытэтам змогуць кіраваць Фронтам далей. Я бачу сябе як “пажарнага” мэнеджэра ў гэтай сітуацыі.

-- Якую Вы маеце праграму развіцця Беларускага Народнага Фронта?

-- Трэба, каб Фронт стаў зноў заўважнай сілай, у тым ліку праз тыя ці іншыя формы ўдзелу (яны могуць быць рознымі) у выбарчых кампаніях, узмацніць інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасць не на карысць только аб’яднаных дэмакратычных сіл. Гэта важна, але так атрымалася, што апошнія гады мы працавалі не на сваю карысць, а на карысць аб’яднаных сіл. Нам трэба весці кааліцыйныя перамовы як моцнаму партнёру, а не як падпарадкаванаму. Вось гэта наша праграма дзейнасці. Трэбы, каб з Фронтам лічыліся.

-- З’езд паказаў, што яго дэлегаты падзяліліся на амаль аднолькавыя часткі – “за” Вячорку і “за” Міхалевіча. Як Вы будзеце аб’ядноўваць гэтых людзей?

-- Фронт сам не расколаты, просто ў сілу спецыфічнай структуры выбрання дэлегатаў з’езду і таго, што адбывалася напярэдадні з’езду, меншасці ўдалося заваяваць амаль большасць, а гэта заўсёды вядзе да расколу. Я ўпэўнены, што Вінцук Вячорка выйграў бы выбары, але зрабіў бы гэта з невялікай перавагай. І калі б ён іх выйграў з невялікай перавагай, гэта “падвешвала” бы сітуацыю, і шэраговыя сябры Фронта думалі бы, што лідэр “падарваны”, ён не можа быць лідэрам, адразу пачаліся бы сумненні і людзі кінулі бы працаваць. Тут трэба было даць нейкі свежы струмень. Вось я і вымушаны пайсці на такую ахвяру, каб выратаваць гэтую сітуацыю.

-- Што беларусам зараз чакаць ад Фронта, якія будуць першыя, найважнейшыя крокі?

-- Галоўнае – гэта абарона незалежнасці Радзімы, бо зноў з’явіліся нейкія інтаграцыйныя памкненні. Гэта задача нумар адзін. Беларускі Народны Фронт успрымаецца ў грамадстве як пэўны сімвал ці гарант незалежнасці, таму гэтая барацьба зараз прыярытэт. Я падтрымліваю прапанову Віктара Івашкевіча прыйсьці 12 сьнежня ў 18:00 на Кастрычніцкую плошчу, напярэдадні візыту Пуціна, на акцыю пратэсту.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках