Галоўны ініцыятар дыялогу з уладамі арыштаваны на 15 сутак
11- 12.12.2007, 15:04
Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч арыштаваны сёння судом Цэнтральнага раёна Менска на 15 сутак арышту.
Палітыка схапілі 10 снежня, калі ў Менску праходзіў мітынг прадпрымальнікаў, на вуліцы Чырвонай, у двух кіламетрах ад Кастрычніцкай плошчы. З прычыны таго, што паставіць палітыку ў віну было няма чаго, яго цынічна абвінавацілі ў «нецэнзурнай лаянцы».
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Уладзімір Лабковіч, на працэсе супрацоўнікі АМАПа блыталіся ў сведчаннях, супярэчылі адзін аднаму. У суд не прыйшоў ніводны сведка з мінакоў, якім, як вынікае з міліцэйскага пратаколу, нібыта замінаў Івашкевіч. Нягледзячы на адсутнасць якіх-небудзь доказаў віны палітыка, суддзя Аляксей Бычко прысудзіў яго да 15 сутак арышту.
«Судовы працэс над Івашкевічам не мае нічога агульнага з правам. Закон у нашай краіне не дзейнічае, і ўсе нормы, якія гарантуюць правы чалавека, зневажаюцца. Сведчанні амапаўцаў не вытрымліваюць ніякай крытыкі, не адпавядаюць часта іх жа матэрыялам справы. Выкарыстанне артыкула «дробнае хуліганства» супраць апазіцыянераў паказвае ўвесь цынізм гэтай улады, сведчыць пра тое, што яны гатовыя здзяйсняць рэпрэсіі любым спосабам», – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Лабковіч.
Больш за тое, амапаўцы адкрыта здзекаваліся над затрыманым. У залу суду палітыка, які пакутуе на блізарукасць, прывезлі без акуляраў. Высветлілася, што іх у Івашкевіча забралі міліцыянты Цэнтральнага РУУС.
Ноч палітык правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна. Сёння ў суд ён падаў два хадайніцтвы – аб прыцягненні да працэсу адваката і неабходнасці вярнуць яму акуляры.
На пачатку суддзя Бычко адмовіўся прыняць хадайніцтва аб вяртанні акуляраў, сказаўшы «хай усе матэрыялы справы чытае адвакат». Але потым, пасля паўторнага патрабавання Івашкевіча, змушаны быў пагадзіцца. Міліцыянты паехалі ў РУУС за акулярамі Івашкевіча, а самога палітыка пасадзілі ў так званы «стакан» – цесную камеру ў судзе.
Віктар Івашкевіч – намеснік старшыні Партыі БНФ і старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша заўсёды выступаў за дыялог з уладамі дзеля захавання незалежнасці Беларусі. Ён быў адным з ініцыятараў напісання ліста ў адміністрацыю прэзідэнта, гатовы быў сустракацца з кіраўніцтвам краіны і абмяркоўваць праблемы, якія ўсталі перад краінай. «Перад усім беларускім грамадствам, перад урадам і перад апазіцыяй устае выбар: або ісці ў Еўропу, або быць праглынутымі Расеяй. Дыялог паміж уладай і апазіцыяй патрэбны для таго, каб эфектыўна арганізаваць дыялог з Еўропай», – казаў Віктар Івашкевіч.
Напярэдадні арышту Віктар Івашкевіч заклікаў беларусаў выйсці 12 снежня, напярэдадні прыезду Уладзіміра Пуціна, на Кастрычніцкую плошчу Менска.
«У сувязі з небяспекай, што прэзідэнт Пуціна будзе ціснуць на Лукашэнку, мы хочам выйсці і прадэманстраваць, што ў Беларусі шмат людзей, якія ніколі не пагодзяцца на страту незалежнасці. Спадзяюся, што ўлады не будуць перашкаджаць волевыяўленню беларускіх грамадзян і заклікаю ўсіх журналістаў і дыпламатаў пракантраляваць, наколькі былі цывілізаванымі паводзіны ўлад», – сказаў Віктар Івашкевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.