23 лiстапада 2024, Субота, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крама» выступіць на АНТ

16

Тэлеканал АНТ скончыў здымкі ў мінскім Палацы рэспублікі каляднага праекту «Нашы песні. Версія‑2007». Сярод плоймы поп‑выканаўцаў свае песні заспявалі гурт «Крама» ды Зміцер Вайцюшкевіч.

Гэты канцэрт будзе складацца з дзвюх частак — першую пакажуць 24 снежня 2007 года, другую — 7 студзеня 2008 года. Усе ўдзельнікі гэтага праекту спявалі выключна па‑беларуску: свае галоўныя хіты і агульнавядомыя песні.

Генеральны прадзюсер тэлеканала АНТ Ягор Хрусталёў кажа, што калядны праект «Нашы песні» будзе складацца з двух роўназначных частак: новыя версіі старых хітоў і аўтарскія прэм’ерныя песні на беларускай мове. Акрамя поп‑зорак прадзюсеры шоў вырашылі запрасіць і некалькі прадстаўнікоў альтэрнатыўнай беларускай сцэны. Ягор Хрусталёў кажа, што не вельмі проста было схіліць да ўдзелу ў тэлешоў Змітра Вайцюшкевіча і гурт «Крама».

-- Ігар Варашкевіч некалькі разоў нават адмаўляўся. Казаў: я вось выступлю, а мне пачанаюць гаварыць, што ідэю прадаў… Урэшце рэшт Дзіма пагадзіўся і спяваў «Зорку Венеру», а Ігар з «Крамай» — новую версію «Стэфкі», -- паведаміў Хрусталёў “Радыё Рацыя”.

Ігар Варашкевіч кажа, што пагадзіўся на здымкі для АНТ толькі пры ўмове, што аніякай палітычнай афарбоўкі ў гэтага мерапрыемства не будзе. «Крама» выканала дзве песні — «Стэфка. Праз 20 год» і «Ўсё жыццё — дзіўны сон». Лідэр «Крамы» кажа, што не любіць удзельнічаць у тэлешоў толькі з адной нагоды.

-- Пад фанаграму вельмі не люблю выступаць. Вось галоўная праблема. А ў астатнім — два мільёны гледачоў убачаць такі гурт «Крама». Думаю, што шмат хто з іх і не ведае, што ён існуе, -- сказаў мызыка.

Зміцер Вайцюшкевіч выканаў у Палацы рэспублікі для праекту «Нашы песні» — «Зорку Венеру» на верш Максіма Багдановіча і твор «У нашых снах» на словы Уладзіміра Някляева. Музыка кажа, што ў падобным мерапрыемстве апошні раз ён удзельнічаў ажно чатары з паловай гады таму. Хоць ганарару не плацілі, спявак вырашыў даць згоду на здымкі.

-- Я згадзіўся, таму што гэта была беларуская праграма. З аднаго боку, гэта можна лічыць нейкім крокам насустрач. Хаця гэта дзіўная сітуацыя для Беларусі. У любым выпадку я яшчэ не бачыў ніводнага канцэрту па тэлебачанні, дзе б спявалі толькі па‑беларуску, -- кажа Вайцюшкевіч.

На пытанне, ці можна чакаць з’яўлення ў тэлепраектах Агульнанацыянальнага тэлебачання іншых прадстаўнікоў альтэрнатыўнай беларускай сцэны, яго генпрадзюсер Ягор Хрусталёў сказаў, што ўсё можа быць, але толькі ў межах тэлефармату.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках