7 траўня 2024, aўторак, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Здароўе Андрэя Клімава выклікае непакой

4

Здароўе палітвязня Андрэя Клімава па-ранейшаму выклікае непакой. Пра гэта заявіла 21 снежня на цырымоніі ўручэння прэміі ў галіне правоў чалавека ў Менску яго жонка Таццяна Леановіч-Клімава.

Нядаўна яна была на доўгатэрміновым спатканні з мужам у Мазырскай выпраўленчай калоніі № 20 (Гомельская вобласць). "У Андрэя Клімава ўпаў гемаглабін. Ён стаў вельмі худы, як 12-гадовы хлопец. Лекі я яму прывезла, ён іх прымае. Калонія знаходзіцца практычна ў зоне адсялення. Калонія знаходзіцца кіламетрах у трыццаці ад Нароўлі, а Нароўля была зонай адсялення. І, мабыць, там ёсць нейкі радыяцыйны фон, радыяцыйнае атручванне – інакш я нічым не магу растлумачыць рэзкае падзенне ўзроўню гемаглабіну ў крыві. У мужчын гэта вельмі рэдка здараецца. Пачытаўшы працы прафесара Бандажэўскага, я ведаю, што гэта – прыкмета невялікага апраменьвання", – сказала Т.Леановіч-Клімава.

"Побач – Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Гэтае сюррэалістычнае гледзішча – зіготкія бліскучыя бакі, трубы, з якіх паходняй вырываецца полымя… І гэта – паўтара кіламетры ад калоніі. Экалагічнае становішча жудаснае", – падзялілася сваімі ўражаннямі Т.Леановіч-Клімава.

"У калоніі ўвесь кантынгент ходзіць як цені. Там шкодная вытворчасць – медная. 18 снежня я ад Андрэя атрымала ліст, у якім ён казаў, што яго пасылаюць працаваць на той самы медны камбінат, на шкодную вытворчасць. Я доўга хадзіла, думала, потым напісала ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС скаргу аб тым, што з здароўем Андрэя ён не можа працаваць на шкоднай вытворчасці, якую сёння і занесла ў ДВП. Там проста пры мне стэлефанаваліся з калоніяй і сказалі, што Андрэя перавядуць на дрэваапрацоўку. Паглядзім, якая ў яго будзе там праца", – сказала жонка А.Клімава.

Паводле яе слоў, стаўленне зняволеных да А.Клімава нармальнае. "Справа ў тым, што ўсё асуджаныя на даволі доўгія тэрміны, таму так ці інакш яны змушаныя "прыцірацца" адзін да аднаго, ведаючы, што яны там не на адзін дзень. Гэта значыць, калектыў – як у войску. Там усё як у войску, нават "дзедаўшчына" прысутнічае. Атрад вельмі вялізны – 200 чалавек на паверсе. Усе яны ўжо неаднаразова судзімыя, прычым за цяжкія злачынствы", – сказала Т.Леановіч-Клімава.

"Калонія карыстаецца вельмі цяжкай рэпутацыяй. Ходзяць чуткі, што там няма ніякіх паслабленняў. Тым не менш, у будынку дэпартамента выканання пакаранняў фатаграфія начальніка гэтай калоніі вісіць на дошцы пашаны", – адзначыла Т.Леановіч-Клімава.

Нагадаем, Андрэя Клімава арыштавалі 3 красавіка 2007 года за апублікаваныя ў Інтэрнэце артыкулы. У дачыненні палітыка была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 361 КК (заклік да звяржэння альбо змянення канстытуцыйнага ладу, ажыццёўлены з дапамогай СМІ). 1 жніўня А.Клімаў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення свабоды.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках