17 траўня 2024, Пятніца, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пакістане забітая Беназір Бхутта

13
У Пакістане забітая Беназір Бхутта

У чацвер у горадзе Равалпіндзі ў Пакістане пасля мітынгу апазіцыі была забітая Беназір Бхутта, былы прэм'ер краіны. У крытычным стане яе даставілі ў шпіталь, аднак лекары не здолелі яе выратаваць.

У выніку тэракту загінулі па меншай меры 20 чалавек, перадае Sky News. Цяпер парламенцкія выбары, прызначаныя на студзень 2008 года, могуць быць адкладзеныя або скасаваныя.

Беназір Бхутта сканала ў 18:16 па мясцовым часе ў цэнтральным шпіталі Равалпіндзі, пацвердзіў сябра партыі Бхутта Васіф Алі Хан.

Выбухная прылада спрацавала поруч аўтамабільнага картэжа Бхутта праз некалькі хвілін пасля таго, як яна выступіла на мітынгу. Сведкі паведамляюць, што тэрарыст-смяротнік спрабаваў прарваць паліцэйскае ачапленне, і сярод загінуўшых ёсць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Абдул Карым, дарадца Беназір Бхутта, удакладніў, што тэракт быў здзейснены ў той момант, калі аўтамабіль Бхутта пакідаў раён парку Ліагат Багх, дзе праходзіў мітынг, перадае AP. Па словах прэс-сакратара яе партыі, бомба спрацавала менш як у 50 метрах ад машыны. Раней паведамлялася, што экс-прэм'ер не пацярпела.

Гэта быў не першы замах на жыццё Бхутта. Адразу пасля яе прыбыцця ў краіну з шматгадовай эміграцыі ў горадзе Карачы на шляху картэжа спрацавалі дзве бомбы. Тады загінулі каля 140 чалавек, аднак сама Бхутта ацалела. У далейшым яна працягвала атрымліваць пагрозы ад тэрарыстаў з "Аль-Каіды".

Сёння ж у выніку страляніны былі забітыя чацвёра прыхільнікаў іншага былога кіраўніка ўрада Пакістана Наваза Шарыфа, паведамляе Reuters. Стрэлы раздаліся поруч офіса праўрадавай партыі – агонь адкрылі знутры будынка. Па словах крыніцы ў праваахоўных органах, апазіцыянеры спрабавалі павесіць плакат, калі на іх напалі. Улады асудзілі гэтае здарэнне і заявілі, што не датычныя да злачынства. Сам Шарыф у гэты момант знаходзіўся ў некалькіх кіламетрах ад месца здарэння. Палітык заявіў, што ўрад не кантралюе сітуацыю, і яго жыццё таксама знаходзіцца ў небяспецы. У снежні яму было адмоўленае ў праве балатавацца ў парламент.

На парламенцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў студзені, Беназір Бхутта мела намер выступіць супраць прыхільнікаў прэзідэнта Мушаррафа. На думку праваабаронцаў, выбары не будуць сумленнымі і справядлівымі – правесці паўнавартасную выбарчую кампанію супернікам улады не атрымаецца. Аднак Мушарраф раней запэўніў, што галасаванне пройдзе без парушэнняў.

"Сапраўдныя мусульмане" ніколі не пагодзяцца на тое, каб імі кіравала жанчына-прэм'ер. Пра гэта наўпрост казалася ў адным з лістоў з пагрозамі ад "Аль-Каіды", якія Беназір Бхутта атрымлівала пасля вяртання ў краіну. Варта адзначыць, што пакістанскія ўлады ўсяляк падкрэслівалі, што імкнуцца не дапусціць такога зыходу: некалькі разоў перад удзелам Бхутта ў апазіцыйных акцыях яе бралі пад хатні арышт. Гэтыя меры тлумачыліся меркаваннямі бяспекі.

Забойства Бхутта адбылося ўсяго праз пару тыдняў пасля адмены надзвычайнага становішча, якое было абвешчанае ўладамі 3 лістапада. Тады было прыпыненае дзеянне канстытуцыі, адключаныя ад вяшчання недзяржаўныя інфармацыйныя тэлеканалы, у сталіцу Пакістана Ісламабад і некаторыя іншыя гарады ўведзеныя войскі. Улады растлумачылі ўвядзенне надзвычайнага становішча ростам колькасці тэрарыстычных актаў і актывізацыяй узброеных груповак на мяжы з Аўганістанам. Апазіцыя абвінаваціла ўлады ў парушэнні канстытуцыі, шэраг апазіцыйных партый і рухаў заявілі пра тое, што маюць намер байкатаваць выбары, якія маюць адбыцца студзені.

Фота yahoo.com

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках