23 лiстапада 2024, Субота, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Музыкі з «чорнага сьпісу» зьявяцца на дзяржаўных тэлеканалах

26
Музыкі з «чорнага сьпісу» зьявяцца на дзяржаўных тэлеканалах

Гурт “Палац” возьме ўдзел у адборачным туры конкурсу “Эўравізія”, Зьміцер Вайцюшкевіч зайграе ў навагоднім шоў каналу “ОНТ”, гурт “Крама” таксама возьме ўдзел у запісе навагодняга шоў. А гурты “Палац” і “Neuro Dubel” выступяць у сакавіку на сцэне Палацу Рэспублікі ў дабрачынным канцэрце, які ЮНІСЭФ ладзіць для дапамогі дзецям-інвалідам. Яшчэ нядаўна гэтыя гурты поруч з шэрагам іншых фігуравалі ў негалосным “чорным сьпісе”.

Публіка ў сеціве рэагуе на гэтыя навіны самым разнастайным чынам: ад воклічаў “Выдатна!” да скептычных заўваг: “Добра купляюць музыкаў, зь небывалым размахам”.

"Тры гады нічога не было, і тут — бах: адразу бяруць. Напэўна, штосьці зрушылася"

На думку лідэра гурту “Палац” Алега Хаменкі, падобна да таго, што абяцаньні галоўнага ідэоляга Беларусі Алега Праляскоўскага выконваюцца:

“Тры гады нічога не было, і тут — бах: адразу бяруць. Канцэрты дзе заўгодна адбываюцца, прымаюцца заяўкі. Напэўна, штосьці зрушылася”, -- сказаў мызыка для “Радыё Свабода”.

Гурт “Палац” у ліку іншых трапіў пад негалосную забарону на канцэртную дзейнасьць улетку 2004 году. Незадаволенасьць уладаў тады выклікаў удзел музыкаў у канцэрце на мітынгу супраць кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

А сёлета ў канцы лістапада Алег Хаменка разам з музыкамі Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Пітам Паўлавым і Аляксандрам Кулінковічам мелі сустрэчу ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Кіраўнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі Алег Праляскоўскі паабяцаў зьняць забароны, а са свайго боку папрасіў музыкаў ня граць на акцыях апазыцыі.

"Ні зь якай уладай я ня буду весьці перамовы пра тое, ці можна мне выступаць, ці не"

Адным з рэзкіх крытыкаў перамоваў паміж гнанымі музыкантамі і ўладай выступіў Мікалай Халезін, кіраўнік “Свабоднага тэатру”. Тэатар гэты ў Беларусі перасьледуюць: ён шмат гастралюе па Эўропе, а на радзіме грае рэдка і ў падпольных умовах. Як мяркуе Мікалай Халезін, улады сьвядома раскалолі музыкаў:

“Гэта хвароба. Альбо музыкі абралі сабе лёс калябарантаў. Калі мне нехта патэлефануе і скажа: “Выступай!”, – паедзем арандаваць пляцоўку. Але ні зь якай уладай я ня буду весьці перамовы пра тое, ці можна мне выступаць, ці не. Бо гэта мой выбар, а ўлада тут ні пры чым”, -- лічыць драматург.

"Калі запрасілі, значыць, ужо не баяцца"

Па камэнтар да сёньняшняй сытуацыі “Радыё Свабода” зьвярнулася да лідэра гурту “Крама” Ігара Варашкевіча:

“Нас ужо запрасілі: 16 сьнежня ў Палацы спорту будзе нейкая навагодняя перадача... Ці нешта такое. Я проста дакладна ня ведаю. Але калі туды запрасілі, значыць, ужо не баяцца. Я ў прынцыпе пра гэта ўвогуле ня думаю: будзе нармальна — будзе нармальна, ня будзе – будзе так, як было. У маім жыцьці пакуль нічога не зьмянілася”.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках