19 траўня 2024, Нядзеля, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знішчэнне Менскага гета -- адно з самых жахлівых злачынстваў нацызму

2

65 год таму ў Менску было знішчанае гета, вязнямі якога былі каля 100.000 габрэяў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Галандыі, Бельгіі.

Сёння ў Менску адбудзецца мітынг у мемарыяльным комплексе "Яма", а таксама будзе адкрыты памятны знак на месцы забойства больш чым 5 тысяч вязняў. Адначасова ў Нацыянальнай бібліятэцы плануецца адкрыццё тэматычнай выставы кніг, а ў сталічным Музеі Вялікай Айчыннай вайны будзе разгорнутая адмысловая экспазіцыя аб Менскім гета.

Як адзначыў намстаршыні Усеізраільскай Асацыяцыі ўцалелых у канцлагерах і гета Давід Таўбкін, "прыблізна 15 пунктаў занесеныя ў праграму, па якой будзе адзначацца гэтая жалобная дата. Шмат пунктаў адносяцца да пэўных дат, пэўных падзеяў, што адбываліся ў той час. Мы добра ўсё гэта памятаем, добра ведаем".

Ушанаваць памяць амаль ста тысяч загінулых вязняў у беларускую сталіцу прыедуць і тыя, хто перажыў жахі вайны з Ізраілю. Пражываючыя у Ізраілі выхадцы з Беларусі - былыя вязні гета і ветэраны - будуць прадстаўленыя на мерапрыемствах у Менску адразу пяццю арганізацыямі. Яшчэ ў пачатку года іх прадстаўнікі ўзгаднілі з беларускім Аргкамітэтам па падрыхтоўцы Дзён памяці асноўную праграму жалобных акцый.

Перад нямецкай акупацыяй у Беларусі пражывала каля мільёна габрэяў. Пасля ўварвання фашыстаў тут было створана 200 гета, самае буйное з якіх утварылася ў Менску - сюды з лета 1941 года сагналі да 100 тысяч чалавек. З другой паловы 1942 года пачалося планамернае знішчэнне беларускіх габрэяў, нацысты знішчалі дзясяткі тысяч жыхароў гета ў Берасці, Пінску, Лідзе, Баранавічах, Слоніме, Беластоку.

Менскае гета, адно з найбуйнейшых у Еўропе, праіснавала каля 27 месяцаў, што было ўнікальна для тэрыторыі СССР. На некалькіх вуліцах, абцягнутых калючым дротам, у ліпені 1941 года на кожную сям'ю прыходзілася не больш за 1,5 кв. метраў тэрыторыі.

Так званае "Зондэргета" па вул. Сухой і Абутковай стала апошнім прыстанкам на шляху смерці і для больш чым 26 тысяч дэпартаваных сем'яў з Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы.

21 чэрвеня 1943 Гімлер загадаў знішчыць усе пакінутыя на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі гета (з насельніцтвам каля 400 тысяч чалавек). Тэмпы масавага знішчэння беларускіх габрэяў паскорылася: у адным толькі Беластоку было забіта 30 тысяч чалавек. Апошнімі ахвярамі Халакоста на беларускай зямлі сталі вязні Менскага гета: 21 кастрычніка 1943 года эсэсаўцы заштурхалі ў душагубкі тысячы чалавек і адправілі іх у Малы Трасцянец.

Трагедыя Менскага гета выходзіць далёка за межы падзей лакальнага маштабу. Яна ўстае ў шэраг з найбольш жахлівымі злачынствамі нацызму супраць габрэйскага насельніцтва.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках