30 красавiка 2024, aўторак, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандар Старыкевіч: «Прырода гэтай улады не мяняецца»

Дасьледчыкі міжнароднай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” палічылі, што за мінулы год свабоды СМІ ў Беларусі стала меней, і панізілі рэйтынг краіны з 151 да 154 месца. Беларускія незалежныя журналісты пагаджаюцца, сытуацыя зь недзяржаўнымі мэдыямі за апошні час пагоршылася.

“Недзяржаўныя газэты выкінутыя з друкарань, выкінутыя зь “Белпошты”, з распаўсюджваньня і гэтак далей. Нават калі ў межах быццам магчымай лібэралізацыі газэты вернуць у кіёскі і ў падпіску, то ачуняе недзяржаўная прэса ня хутка, бо яна зараз даведзеная да вельмі цяжкага стану”, - заявіў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч.

Найбольш масавыя недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні Беларусі — такія, як “Народная воля”, “Наша ніва”, — ужо некалькі гадоў вымушаныя друкавацца за межамі краіны і распаўсюджвацца ўласнымі сіламі. “Рэпартэры бязь межаў” зазначаюць, што гэтаксама даўно не вырашаецца праблема свабоды электронных мэдыяў у Беларусі. Аляксандар Старыкевіч мяркуе, што цяперашнія ўлады на гэта ніколі ня пойдуць.

“Відавочна, што прырода гэтай улады не зьмяняецца, яны не імкнуцца да кампрамісу, да дыялёгу, ня кажучы ўжо пра саступкі. Гэта ўсё гульні, разьлічаныя на Захад. Насамрэч тут не прадугледжана ніякіх перабудоваў, галоснасьці. Лукашэнка занадта добра памятае, чым гэта скончылася для камуністаў”, - перакананы намесьнік старшыні БАЖ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках