30 красавiка 2024, aўторак, 11:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Transparency International: Карупцыя ў Беларусі становіцца сістэмнай

6

У штогадовым рэйтынгу краін па індэксу ўспрымання карупцыі аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Transparency International Беларусь займае 151-ае месца са 180-ці магчымых.

Першае месца ў рэйтынгу займаюць Данія, Швецыя і Новая Зеландыя, дзе, як лічыцца, карупцыя імкнецца да нуля. У Беларусі жа, па меркаванні экспертаў, з карупцыяй справа ідзе горш, чым у Расеі, але роўна гэтаксама, як у Таджыкістане, Лаосе, Эквадоры, Папуа-Новай Гвінеі, Цэнтральна-Афрыканскай рэспубліцы і Кот-д'Івуар. Паміж тым, менавіта пад лозунгам барацьбы з карупцыяй Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе. Няўжо беларускія ўлады не змагаюцца з карупцыяй? – задаетсчя пытаннем «Нямецкая хваля».

Адзнакі міжнародных экспертаў год ад года не паляпшаюцца. Больш за тое, калі ў 2002 годзе Беларусь знаходзілася на даволі прэстыжным 36-месцы, то пасля «прэзідэнцкіх выбараў» 2006 года яе рэйтынг вагаецца каля 151 месца.

У красавіку 2008 года Лукашэнка даў чарговае даручэнне па барацьбе з карупцыяй. Відавочна, прыйшоў тэрмін адчытвацца.

"Генеральнай пракуратурай сумесна з Вярхоўным судом, МУС, КДБ і іншымі органамі была праведзеная пэўная праца, праведзены аналіз барацьбы з гэтымі відамі злачынстваў. Частка такіх злачынстваў, як крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў сферы ўсіх карупцыйных злачынстваў займае трэцяе месца пасля хабарніцтва і службовай падробкі. Маёмасная шкода за чатыры гады была здзейсненая больш чым на 53 млрд. BYR, у бягучым годзе – больш за 32 млрд. BYR за 8 месяцаў бягучага года", - паведаміў учора старэйшы пракурор аддзела генпракуратуры Валерый Каранёў.

Калі гэтыя 32 млрд. BYR шкоды беларускія праваахоўныя органы палічылі па выніках 8 месяцаў 2008 года, то напрошваецца выснова, што ў бягучым годзе квартал ідзе ў залік за цэлы год, бо раней у сярэднім за год шкоду ад карупцыі ацэньвалі ў 12-13 млрд. BYR. Не дзіўна, што міжнародныя эксперты ўжо схіляюцца да меркавання, што карупцыя ў Беларусі становіцца сістэмай.

Прадстаўнік генпракуратуры паведаміў, што больш за палову крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі здзяйсняюць жыхары гарадоў ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Яно і зразумела, бо гаворка ідзе, у асноўным, аб чыноўніках на піцы кар'еры – да 30 гадоў мала хто займае адказныя пасты, а другая мяжа адзначаная сыходам на пенсію.

Валерый Каранёў паведаміў, што па выніках аналізу злачынстваў паўстаў пэўнага кшталту рэйтынг па карупцыйнасці галін эканомікі.

"Сярод галін і сфер дзейнасці найбольшая колькасць крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі выяўленая менавіта ў галіне гандлю – больш за 20 адсоткаў ад усіх злачынстваў, сельскай гаспадаркі, прамысловасці і будаўніцтва. Зразумела, што ў сферах гэтай дзейнасці круцяцца непасрэдна тавары народнага спажывання, будматэрыялы, якія, увогуле-та лягчэй за ўсё выкрасці і нейкім чынам рэалізаваць", - падкрэсліў ён.

У дадатак да гэтага, старэйшы пракурор аддзела генпракуратуры адзначыў, што паніжэнне злачынстваў адбылося ў такіх сферах, як культура, навука, турыстычная дзейнасць, медыцына.

Мусіць, гэты рэйтынг таксама паказвае, у якіх галінах эканомікі засталіся патэнцыйныя аб'екты крадзяжоў, а дзе ўжо і красці няма чаго. Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 1994 г. абяцаў адправіць карупцыянераў у Гімалаі, але, падобна, яны ўжо 14-ы год сядзяць на чамаданах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках