З будынка Ўправы БНФ скралі нацыянальны сцяг
8- 30.10.2008, 9:34
З будынка Ўправы БНФ невядомыя скралі бел-чырвона-белы сцяг, які лунаў пры ўваходзе ў офіс партыі.
Учора ў 16.50 сакратар Управы БНФ, якая ішла на ўправу, бачыла, што сцяг знаходзіцца на звычайным месцы. Яна заўважыла, што невядомы мужчына ў чорнай вопратцы фатаграфаваў сцяг і сцяну. У 17.00 сцяг знік.
Нагадаем, што раней штаб-кватэру БНФ наведваў з праверкай кансультант упраўлення грамадскіх аб'яднанняў Міністэрства юстыцыі Аляксандр Харытон. Чыноўніка хвалявала толькі адно пытанне: чаму над уваходам у офіс партыі вісіць бел-чырвона-белы сцяг.
Доўга тлумачыць чыноўніку, чаму ў БНФ лічаць сімвалам гэты беларускі сцяг, не сталі, а папрасілі даслаць афіцыйны запыт з міністэрства. Харытон паабяцаў даслаць запыт хуткім часам. Ён, праўда, не сказаў, што гістарычны сцяг беларусаў, які яшчэ нядаўна быў дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, зараз лічыцца забароненым.
Нагадаем, што нядаўна ў БНФ прыйшоў загад мясцовага ЖЭКа тэрмінова зняць з фасада сцяг пад пагрозай скасавання дамовы арэнды. Цяжка зразумець, чаму ўлады так раздражняюць нацыянальныя беларускія сімвалы.