2 траўня 2024, Чацвер, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гаага не бачыць у Беларусі сур'ёзных рэформаў

1

Супраціў паслабленню санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі ўнутры Еўразвяза зараз існуе, перш за ўсё, у Нідэрландах, піша нямецкая газета «Süddeutschen Zeitung».

Нягледзячы на міжнародную крытыку «парламенцкіх выбараў» у Беларусі, Еўрапейскі звяз падае сігналы да збліжэння. У наступны панядзелак дзяржавы ЕЗ запрасілі беларускага міністра замежных справаў Сяргея Мартынава на прэстыжную сустрэчу ў Брусэль, удзел у якой прымуць, у прыватнасці, прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы Хаўер Салана, камісар ЕЗ па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднер і міністр замежных справаў Францыі Бернар Кушнер. Сустрэча будзе праходзіць у кулуарах паседжання міністраў замежных справаў ЕЗ.

"Мы не хочам аддаваць Беларусь Расеі, – сказаў адзін французскі дыпламат інтэрнэт-рэсурсу EUoberserver.com. – Спачатку трэба паглядзець, што мы можам зрабіць, каб, з аднаго боку, не адмяняць санкцыі цалкам, а з іншага, нешта прапанаваць Беларусі". У 1997 годзе ЕЗ замарозіў кантакты з прадстаўнікамі беларускага рэжыму на ўзроўні міністраў, а пазней Брусэль забараніў уезд на тэрыторыю ЕЗ больш за 40 афіцыйным асобам, у ліку якіх Аляксандр Лукашэнка.

Відавочна, ЕЗ разважае над тым, каб зняць некаторыя з абмежаванняў на ўезд і, акрамя таго, скараціць кошт выдачы візаў для беларускіх грамадзянаў з цяперашніх 60 эўра да 35. Гэта павінна аблегчыць людзям паездкі, напрыклад у Вільню, каб "у нас яны змаглі ўбачыць, як выглядае дэмакратыя і што мы ад яе атрымалі", сказаў адзін літоўскі дыпламат.

Супраціў паслабленню санкцыяў унуты ЕЗ зараз існуе, перш за ўсё, у Нідэрландах. Гаага яшчэ не бачыць у Беларусі сур'ёзных рэформаў, якія дазволілі б ёй наладзіць новыя адносіны з Захадам. Падчас вераснёвых выбараў у беларускі «парламент» не прайшоў ні адзін з дэмакратычных апазіцыйных кандыдатаў, хоць рэжым упершыню дапусціў іх удзел у выбарах у колькасці каля 70 чалавек.

У любым выпадку, зараз, пасля таго, як Менск і Масква дыстанцаваліся адзін ад аднаго, ЕЗ імкнецца да ўзмацнення свайго ўплыву на Беларусь. Са свайго боку, Расея хоча пазбегнуць занадта цеснага эканамічнага збліжэння Лукашэнкі з Еўразвязам. Адпаведна, у панядзелак у Менску прэм'ер Уладзімір Пуцін дэманстратыўна пахваліў ход выбараў і прапанаваў мільярдны крэдыт для фінансавання паставак расейскага газу.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках