10 траўня 2024, Пятніца, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітрапаліт Кандрусевіч раскрытыкаваў беларускія ўлады: «Касьцёл сёньня ў цяжкой сытуацыі»

6

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены ўмяшальніцтвам беларускіх ўладаў у жыцьцё беларускай каталіцкай Царквы.

Аб гэтым ён 10 лістапада сказаў на прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася з нагоды першай гадавіны ягонага кананічнага ўступленьня на пасаду мітрапаліта Менска-Магілёўскага, паведамляе «Наша Ніва».

Мітрапаліт зазначыў, што ўлады ўсяляк супрацьстаяць будаваньню каталіцкіх сьвятыняў.

«Касьцёл сёньня ў цяжкой сытуацыі. У Менска-Магілёўскай дыяцэзіі мы маем 110 парафіяў, але толькі каля 90 касьцёльных будынкаў. Нялёгка атрымаць дазвол на рэгістрацыю, дазвол на будаўніцтва храму. Часам адказы абсалютна незразумелыя. Кажуць, што ў парафіі мала вернікаў», — гаворыць Тадэвуш Кандрусевіч.

Нагадаем, улады таксама адмаўляюцца вяртаць вернікам храм сьвятога Язэпа, у якім зараз зьмяшчаецца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Мінгарвыканкам плянуе прыстасаваць будынак сьвятыні пад гатэлевы комплекс і аб’екты гандлёва-пабытовага прызначэньня.

Мітрапаліт таксама зьвярнуў ўвагу на тое, што беларускія ўлады не дазваляюць надалей прыяжджаць у краіну сьвятарам з?за мяжы.

«На працягу 70 гадоў мы былі пазбаўленыя ўласнай духоўнай сэмінарыі. Нам кажуць, каб набіралі болей у тыя сэмінарыі, што маем сёньня. Мы прымем усіх, хто прыйдзе і хто гатовы стаць сьвятаром. У сёньняшніх сусьветных працэсах вельмі цяжка абысьціся выключна сваімі сіламі. Паглядзіце, хто трэніруе зборныя Беларусі па футболе і хакеі — замежнікі.

Мне здаецца, што тут добрым прыкладам магла быць Афрыка, дзе раней амаль усе сьвятары і біскупы былі белыя, а цяпер на іх месца прыйшлі мясцовыя. Гэта ўсё затрымлівае духоўнае адраджэньне. Гэта важна ва ўмовах разьвіцьця сэкт, у прыродзе ня можа быць вакуўму і наша месца зоймуць іншыя», — сказаў арцыбіскуп.

На сёньняшні дзень у Менска-Магілёўскай дыяцэзіі працуе прыкладна сто сьвятароў. Дзьве траціны зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, траціна — замежнікі. На думку Тадэвуша Кандрусевіча, гэта вельмі мала, каб весьці паўнавартасную душпастарыскую дзейнасьць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках