25 снежня 2024, Серада, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саньнікаў: «Гульні еўрапейцаў не ідуць на карысьць дэмакратыі ў Беларусі»

3

Месяц таму рада Эўразьвязу прыпыніла на паўгода візавыя санкцыі адносна Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу ягоных чыноўнікаў.

Сёньня ў Менску адкрываецца беларуска-нямецкая канфэрэнцыя «Суседзтва і бясьпека: пэрспэктывы Беларусі ў Эўразьвязе». Яна арганізавана бэрлінскімі фондам “Навука і палітыка” і нямецка-беларускім таварыствам пры падтрымцы амбасады Нямеччыны.

Удзел у ёй возьме начальнік палітаддзелу Генэральнага сакратарыяту рады Эўразьвязу Хэльга Шміт. Яна лічыцца галоўнай перамоўшчыцай з афіцыйным Менскам з боку Брусэля. Хэльга Шміт прыяжджае пасьля нядаўняга візыту яшчэ аднаго эўрапейскага чыноўніка – намесьніка генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Эўракамісіі Х'юга Мінгарэлі, паведамляе “Радыё Свабода”.

А ўчора прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі пабываў з візытам у Латвіі. Што азначае гэты візыт? Эўрапарлямэнтар з Латвіі Альдзіс Кушкіс адзначыў:

“Эўрапейскіх чыноўнікаў у гэтай справе няма. Гэта двухбаковыя стасункі: гэта прэм’ер Беларусі прыехаў да прэм’ера Латвіі, а не наадварот”.

Паводле спадара Кушкіса, візыт у суседнюю краіну ня дзіва. Візыт Сяргея Сідорскага, да прыкладу, у Партугалію быў бы сюрпрызам. Таксама Альдзіс Кушкіс адзначыў, што ўзамен палітыкі ізаляцыі новая эўрапейская стратэгія адносна Беларусі пакуль яшчэ ня выпрацавана. Тут пакуль краіны Эўразьвязу ня маюць адзінай пазыцыі:

“Я лічу, што калі, акрамя палітзьняволеных, нічога ў прынцыпе не памянялася, то гэта азначае, што і папярэдняя стратэгія не працавала. Значыць павінна быць новая. Яна будзе. Але калі – не магу адказаць”.

Лідэр грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў заявіў, што мінулы месяц вельмі паказальны: улады прадэманстравалі, што яны не жадаюць спыняць палітычныя рэпрэсіі.

“У нас зьявіўся палітвязень, які знаходзіцца за кратамі. Гэта Баразенка. Былі арышты сяброў “Маладога фронту” за антыкамуністычныя лёзунгі. Тое, што дэманструюць улады зараз, гэта пустыя абяцаньні і дэманстрацыя таго, што ніякага жаданьня спыняць палітычны перасьлед ва ўладаў няма. Пакуль што няма ніякага падмурку, каб можна было казаць, што нейкія зьмены адбываюцца, ці нешта ўзгоднена, каб адбываліся зьмены. Эўрапейцы дзейнічаюць паводле сваёй стратэгіі, якая палягае на тым, каб практычна прызнаваць улады і супрацоўнічаць з уладамі. А паралельна высоўваць нейкія патрабаваньні дэмакратызацыі, павагі да правоў чалавека. Вось яны ў гэтую гульню гуляюць. А пакуль што гульні еўрапейцаў не ідуць на карысьць дэмакратыі ў Беларусі”, -- заявіў Андрэй Саньнікаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках