17 траўня 2024, Пятніца, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зьбіты вядомы мастак Алесь Пушкін

28

Вядомага мастака Алеся Пушкіна моцна зьбілі ў вёсцы Бобр Крупскага раёну, дзе ён жыве, мясцовыя хуліганы. Прычынай агрэсіі стала беларуская мова.

Міліцыянты, якія прыехалі на званок Алеся Пушкіна, затрымалі хуліганаў, але Алесь Пушкін ня стаў пісаць заяву, каб супроць іх завялі крымінальную справу, а прапанаваў ім прыйсьці ў мясцовую царкву і пакаяцца.

Па словах мастака, зараз ён ужо лепей сябе адчувае.

“Ужо лепей, але баляць грудзі, ныркі. Ну, яшчэ гематомы на твары трошачкі ёсьць, але гэта ўжо цярпіма”, - паведаміў Алесь Пушкін у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Мастак распавёў пра падзеі пасьля прыезду міліцыі. “Я ў міліцыі перапісаў адрэсы і прозьвішчы гэтых маіх землякоў – усе яны са станцыі Бобр-4 і адзін – жыхар Барысава”, - кажа Пушкін.

Ён вырашыў не патрабаваць не пакараньня хлопцаў, а пакаяньня ў царкве.

“І вось, паглядзеўшы на гэтых хлопцаў, я падумаў адразу, калі ўжо адыйшла злосьць, пыл бойкі, і я падумаў, што наша бязьлюдзьдзе, нашыя неасьветленыя вуліцы, бабулькі і чырванатварыя мянты, пустыня, закінутыя дамы, закінуты край, Усходняя Беларусь – гэта яскравая сытуацыя. І гэтыя п'яныя людзі, якім па 18-20 гадоў, старэйшаму 21, які, дарэчы, вучыўся ў школе міліцыі ці вучыцца – Шынкевіч, беларус...

І я тады кажу міліцыянту – было б добра ім даць шанец. Нам трэба, каб нашыя дзяўчаты выходзілі замуж, нам трэба, каб будаваліся нашыя дамы, садзіліся дрэвы. І таму, кажу, давайце так: заўтра ў 9.30 каб яны былі з бацькамі ў царкве на ранішняй літургіі. Калі яны прыйдуць – добра, застануцца без судзімасьці. Калі ня прыйдуць – тады я ўжо сам асабіста вазьму на сябе цяжкую ролю “караюшчай дзясьніцы Госпада”, - паведаміў мастак.

Пушкін таксама вырашыў зрабіць з хуліганамі інтэрв’ю для тэлеканалу “Белсат”, каб зразумець прычыну іхняй жорсткасьці. Гэткай меры тыя яўна не чакалі і моцна перапалохаліся.

“Учора прыяжджала здымачная група “Белсату”, і мы пайшлі да аднаго з гэтых герояў. Лёша Біруля, 20 гадоў, высокі – 172 сантымэтры ростам, дужы хлопец, які, дарэчы, лепш за ўсіх бегаў і даганяў мяне і моцна піхаў, а тады ўжо астатнія набягалі і піналі нагамі. І вось зайшлі мы да яго ў хату – так зьнянацку, адразу. Там нас сустрэла маці, праваслаўная верніца, якая думае аб Царстве Нябесным – яна, дарэчы, ходзіць у нашу Бобрскую царкву. Там было яшчэ двое яго братоў і сясьцёр маленькіх, ад розных мужоў. Яны беларусы, але прыежджыя.

І вось я кажу – Лёша Біруля дома? Яна, ад нечаканасьці, яшчэ не пасьпеўшы падрыхтавацца кажа: “Так, дома”. Ну вось, ён выходзіць, мы настаўляем камэру, запальваем сьвятло, і я задаю пытаньне – Лёша, ну ты герой, цяпер зараз пакажуць па скрынцы, па “Белсату”, скажы калі ласка – чаму ты такі жорсткі? І вось тут разгубленасьць гэтага чалавека, ён там пачынае гаварыць: “Ды я вас ня знаю, ды я вас ня біў, ды я нічога...” І гэта пасьля споведзі, калі я напісаў адмову ад узбуджэньня крымінальнай справы.

Ну а потым я яму такія наіўныя пытаньні пачаў задаваць – “А дзе ў вас партрэт Максіма Багдановічіа? А чаго вы ня любіце беларускую мову?” На што маці праваслаўная кажа: “А мы не вешаем портреты людзей живых и мертвых у себя дома, у нас только иконы...”, - распавёў Алесь Пушкін.

На думку мастака, нянавісьць хлопцаў да роднай мовы ажно да зьбіцьця за беларускасьць мае карані ў ранейшай русыфікацыі і вынішчэньня культуры ў гэтай мясцовасьці.

“Ну пра гэта, вядома, ведаюць. Першая акалічнасьць тая, што гэтая хлопцы, канешне, мяне ня ведалі. Гэта праўда. Вырасла новае пакаленьне – яму абсалютна ня трэба мастацтва. Усе хадзілі ў Бобрскую школу, дзе дырэктрысай была лютая ненавісьніца беларускай мовы і культуры Шэкун Яўгенія Аляксееўна. Яна – жонка расейскага акупанта падпалкоўніка Шэкуна, які абслугоўваў ракеты СС-20, якія Шушкевіч вывеў з базы “Крупкі-2”.

Ракеты выведзеныя, а жонкі гэтых ваенных і гэтыя ваенныя засталіся ў Беларусі. Яны ва ўсіх такіх маленькіх гарадках Беларусі, асабліва Ўсходу, пазаймалі ўсе гэтыя пасады – дырэктароў школ, інструктараў раённых аддзелаў культуры, начальнікаў аддзелаў культуры, загадчыкаў сацыяльных службаў. Мужы іхныя, адстаўнікі, як заўсёды – ахоўнікі, мянты, прадпрымальнікі. І вядома, больш чым за восем гадоў ейнага дырэктарства вось такія вырасьлі хлопцы”, - паведаміў мастак.

Ён таксама тлумачыць, што ў якасьці мэтада выхаваньня хлопцаў абраў менавіта пакаяньне, каб даць ім шанец вырасьці нармалёвымі людзьмі.

“Ну, першае тут – іхні ўзрост, другое – гэта мой народ, і я зрабіў сьвядомы выбар жыць тут, у Бабры. Гэта маё мястэчка, дзе жылі мае прадзед і дзед, і я, і вось, мой Міколка. 20 дзетак у дзіцячым садку, 144 вучні ў школе, 78% жыхароў нашага мястэчка - састарэлыя людзі.

Таму маё рашэньне было такое – нас мала, таму я павінен берагчы гэтых людзей, каб яны станавіліся нармальныя, даць ім шанец. А потым Гасподзь разьбярэцца – можа, праз дваццаць гадоў яны ацэняць гэты ўчынак. Але на дадзены момант я ня ведаю, як яны там усё гэта перажывуць, тым больш той, хто вучыцца ў школе міліцыі – Шынкевіч Сяргей. Але любіць народ свой трэба, і сьвядомы выбар – я буду жыць тут і далей.

Трэба жыць і думаць, што вера – не на словах, а ў справах. Гэта трэба заўсёды памятаць, зло перамагаць дабром, даброталюбіе і непамятазлобіе – усе гэтыя паняцьці павінны ў хрысьціянаў быць у рэальным жыцьці”, - зазначыў Алесь Пушкін.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках