25 чэрвеня 2019, aўторак, 5:42
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Прафесара Андрэя Каляду звольнілі за супрацоўніцтва са «Свабодным тэатрам»

10

Прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Андрэй Каляда звольнены з працы за супрацоўніцтва з беларускім «Свабодным тэатрам» і літаратурныя пераклады.

Прафесар вядомы ў Беларусі як вядучы ў краіне спецыяліст па сцэнічнай мове, чыімі падручнікамі і дапаможнікамі карыстаецца не адно пакаленне студэнтаў, і як выбітны перакладчык на беларускую мову твораў Дастаеўскага, Буніна, Набокава, Салжаніцына, Пастарнака. Сёння на рахунку Андрэя Каляды 26 кніг, да выдання рыхтуюцца яшчэ тры: пераклады абраных твораў Івана Буніна, складанка з трох раманаў нобелеўскіх лаўрэатаў і выданне беларускай і брытанскай драматургіі.

Быўшы прарэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў па вучэбнай працы, Каляда давёў выкладанне ў вну на беларускай мове з нуля да 65% у 1994 годзе. Калі, з прыходам цяперашняй улады, у акадэміі пачаўся нахіл у бок русіфікавання вучэбнага працэсу, прафесар Каляда склаў з сябе абавязкі прарэктара і стаў толькі выкладаць на кафедры сцэнічнай мовы, працягваючы весці курс на беларускай мове.

У кастрычніку прафесара Каляду апавясцілі аб тым, што кантракт з ім падоўжаны не будзе, нягледзячы на тое, што да гэтага моманту ён вёў два курсы, якія, па логіцы, павінен быў давесці да выпуску. Прэтэнзіі да Андрэя Каляды прад'яўлялі даўно, і прычынай таму была ягоная перакладніцкая дзейнасць і супрацоўніцтва са «Свабодным тэатрам», якім кіруюць ягоная дачка Наталля і зяць – Мікалай Халезін. Чашу цярпення рэктара Рычарда Смольскага перапоўніў выхад складанкі п'ес маладых беларускіх драматургаў «Пакаленне Jeans» у перакладах Андрэя Каляды. Тады рэктар у сэрцах сказаў, што «зяць і дачка Каляды – ганьба краіны, а сам прафесар Каляда – ганьба акадэміі мастацтваў».

Каментуючы сваё звальненне з Беларускай акадэміі мастацтваў, Андрэй Каляда сказаў: «Я меркаваў, што гэта можа адбыцца ў любы момант, паколькі сёння акадэмія мастацтваў пераўтвораная ва ўстанову, якая абсалютна не адпавядае гэтаму высокаму званню. Увесь вучэбны працэс стаў закладнікам ідэалагічных догмаў, навязаных звонку». Першым крокам да звальнення стала пазбаўленне Каляды ўсіх надбавак за навукоўцы званні, якое ўжываецца сёння выбарча да тых, хто не згаджаецца працаваць па ідэалагічных шаблонах.

«Сёння надбаўкі за навукоўцы званні – гэта не выплаты, забяспечаныя заканадаўча, а права кіраўніка вну трымаць педагагічны склад на кароткім ланцужку, пазбаўляючы непажаданых сродкаў да існавання. Казаць жа аб русіфікаванні педагагічнага працэсу сёння стала агульным месцам – рэктар Смольскі нават загадаў замяніць шыльдачкі на сваім кабінеце на рускамоўныя, асцерагаючыся, мабыць, прыходу ў акадэмію кагосьці, хто не зразумее беларускай мовы» – кажа Андрэй Каляда.

Сёння складанка Андрэя Каляды «Беларускае літаратурнае маўленне», сабраная з метадычнага дапаможніка і трох кампакт-дыскаў з узорамі вымаўлення літаратурнага матэрыялу, стала адным з самых запатрабаваных беларускіх метадычных дапаможнікаў. Ейны тыраж запыталі для распаўсюду з сямі краін свету.

«Дапамога, якую аказвае нам у працы Андрэй Андрэевіч – неацэнная. Пераклад складанкі п'ес маладых драматургаў «Пакаленне Jeans» – гэта прыклад таго, як могуць узаемадзейнічаць пакаленні, узаемна ўзбагачаючы адзін аднаго досведам, ведамі, энергіяй. Цяпер Андрэй Каляда будзе запатрабаваны ў нас у тэатральнай лабараторыі, куды мы набралі слухачоў, і для перакладу вялікай колькасці драматургічнага матэрыялу. Лічу, што загрузка ягоная будзе вельмі шчыльнай, паколькі мы разумеем, што раскідвацца падобнымі спецыялістамі – злачынства супраць уласнай краіны» – пракаментаваў сітуацыю мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

Адказваючы на пытанне аб тым, як ён ацэньвае дзеянні кіраўніцтва Беларускай акадэміі мастацтваў, Халезінадказаў: «Нажаль, у нашай адукацыйнай сістэме такая сітуацыя, калі ў кіраўнікі трапляюць людзі, якія самі не рэалізаваліся ні ў якой сферы мастацтваў – яны як правіла баязлівыя і зайздросныя. Мне заўсёды становіцца не па сабе, калі я пазнаю, што яшчэ адзін чалавек, які некалі займаецца творчасцю, пераходзіць у разрад катаў. Прафесару Калядзе ёсць чым ганарыцца, а прозвішчы ягоныях ганіцеляў не ўспомняць ужо праз месяц пасля таго, як іх знімуць з працы».