У падазраванага ў злачынстве міліцыянты выпусцілі 11 куль (Відэа)
34- 15.12.2008, 11:37
Як мы ўжо паведамлялі, у суботу супрацоўнікі менскай міліцыі застрэлілі падазраванага ў злачынстве. Дзяржаўныя тэлеканалы паведамляюць падрабязнасці здарэння.
Падазраваны раней знаходзіўся ў зняволенні за хуліганства, крадзёж і прычыненне цяжкіх целавых пашкоджанняў.
Усё адбылося бліжэй да палуначы на вуліцы Русіянава, паведамляе «Комсомольская правда в Беларуси» са спасылкай на тэлеканал АНТ. Міліцыя прыехала па выкліку і знайшла ў кватэры дваіх параненых людзей.
- Прыехалі па дадзеным адрасе да хуткай дапамогі, - распавёў супрацоўнік палка патрульна-паставой службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксей Гаручка. - У кватэры знаходзіўся мужчына з раненнем у жывот і грудзі і параненая жанчына. Ад іх сваякоў даведаліся прыкметы злачынцы і пачалі абследаваць тэрыторыю.
У скверы каля дома міліцыянты ўбачылі чалавека, падобнага па прыкметах да падазраванага. Ён сядзеў на зэдлі і размаўляў па мабільным тэлефоне.
Як толькі падазраваны ўбачыў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ён без папярэджання адкрыў агонь. - Супрацоўнік міліцыі здзейсніў пяць стрэлаў, другі – шэсць стрэлаў з табельнай зброі – кажа камандзір узвода палка патрульна-паставой службы ГУУС Менгарвыканкама Павел Марцанкевіч. - Варта ўлічваць, што па супрацоўніках вёўся прыцэльны агонь. Яны выварочваліся і адстрэльваліся. Па іх, па-мойму, злачынец здзейсніў таксама шэсць стрэлаў.
Нагадаем, што ў гэтай перастрэлцы адзін з міліцыянтаў быў паранены ў нагу.
Страляў забіты з пісталета сістэмы «Макарава» са спілаванымі нумарамі. Ён апынуўся сужыцелем суседкі параненых мужчыны і жанчыны. Пацярпелыя цяпер у лякарні.
Пракуратура ўжо дала папярэднюю адзнаку супрацоўнікам міліцыі. Іх дзеянні прызнаныя правамоцнымі.