КДБ адмаўляецца каментаваць арышт былога віцэ-прэзідэнта НАК
3- 20.12.2008, 12:52
У Камітэце дзяржаўнай бяспекі не пацвердзілі, але і не аспрэчылі інфармацыю аб затрыманні былога віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Аляксандра Бондара.
«Мы не пацвярджаем, але і не аспрэчваем гэтую інфармацыю. Проста не каментуем», - заявілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у КДБ.
Сёння на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах з'явілася інфармацыя аб тым, што «учора А.Бондар быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ і змешчаны ў следчы ізалятар. На ягоную маёмасць таксама накладзены арышт».
А.Бондар быў віцэ-прэзідэнтам НАК Беларусі 12 год таму. Увесну бягучага года ён быў звольнены з пасады дырэктара НДІ фізкультуры і спорту. Як раней паведамлялася, увесну бягучага года КДК падчас праверак усталяваў, што НДІ фізічнай культуры і спорту аказваў платныя медыцынскія паслугі, не маючы на гэта ліцэнзіі. Прыбытак, атрыманы ў выніку аказання безліцэнзійнай дзейнасці, склаў Br17,4 млн, - паведамілі ў КДК.
Там праінфармавалі, што пры праверцы асобных пытанняў фінансава-гаспадарчай дзейнасці НДІ быў усталяваны шэраг парушэнняў і недахопаў. У прыватнасці, парушэнні коштавага заканадаўства, безліцэнзійная дзейнасць. Былі таксама выяўленыя факты неэфектыўнага выкарыстання закупленага інстытутам абсталявання. Напрыклад, не эксплуатаваўся закуплены ў снежні 2007 года за кошт бюджэтных сродкаў комплекс для псіхалагічнага тэставання коштам Br84,2 млн і электраміёграф коштам Br32,8 млн, - адзначылі ў КДК.
Таксама паведамлялася, што ў сакавіку 2008 года суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў да 4 год пазбаўлення волі былых першага намесніка дырэктара і начальніка аддзела НДІ. Было ўсталявана, што яны, з'яўляючыся адзін - старшынём, іншы - намеснікам старшыні тэндэрнай камісіі, лабіравалі інтэрасы асобных камерцыйных структур.
Для прадастаўлення права заключэння дамоваў пастаўкі матэрыяльных каштоўнасцяў пераважным для іх камерцыйным структурам зламыснікі накіравалі ў адрас Рэспубліканскага цэнтра спартовай медыцыны і ў міністэрства спорту і турызму не менш за 35 фіктыўных пратаколаў паседжанняў тэндэрнай камісіі, распавялі ў Генпракуратуры.
У выніку былі складзеныя дамовы на пастаўку спартовага і медыцынскага абсталявання з завышэннем рэальнага кошту матэрыяльных каштоўнасцяў, што закупляліся, на суму Br112 751 884, паведамілі ў Генпракуратуры.
Дзеянні абвінавачваных кваліфікаваныя па ч.3 арт.424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса Беларусі, адзначылі ў Генпракуратуры.