Прэм'ер-міністр Бельгіі падаў у адстаўку
- 20.12.2008, 13:03
У пятніцу, 19 снежня, прэм'ер-міністр Бельгіі Іў Лятэрм падаў у адстаўку з-за фінансавага крызісу.
Аб гэтым паведамляе AFP са спасылкай на прэс-сакратара Лятэрма. Зараз кароль Альбер II павінен прыняць або адхіліць адстаўку. Таксама ён можа ўзяць час на разважанне, як ужо рабіў раней.
Прэм'ер-міністр падаў у адстаўку ў сувязі са скандалам вакол фінансавай кампаніі Fortis. Урад Лятэрма падазраюць у спробах націснуць на апеляцыйны суд і прымусіць яго адмовіць у пазове мінарытарным акцыянерам банка Fortis, якія абскардзілі рашэнне аб продажу актываў кампаніі французскаму банку BNP Paribas.
Раней аб сваёй адстаўцы абвясціў міністр юстыцыі Йо Фандзюрсан.
Фінансавая група Fortis (некалі – адна з буйнейшых у Еўропе) моцна пацярпела ў выніку сусветнага фінансавага крызісу.
У ліпені Лятэрм ужо прасіў караля аб адстаўцы ў сувязі з правалам перамоваў, якія датычыліся перадачы часткі федэральнай улады рэгіёнам. Тады прашэнне было адхіленае.