Латвія атрымае ад міжнародных структур пазыку ў 7,5 мільярдаў еўра
3- 20.12.2008, 16:02
Фінансавую дапамогу Латвіі акажуць Міжнародны валютны фонд, Еўракамісія і асобныя краіны. Пазыка складзе 7,5 млрд. еўра.
Як паведамляе РИА «Новости», Латвія перажывае наймацнейшы эканамічны спад у Еўразвязе. ВУП краіны ў трэцім квартале 2008 года ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года знізіўся на 4,6%. Латвія звярнулася за дапамогай да МВФ і Еўракамісіі.
Пазыку ў памеры 7,5 млрд. еўра Латвія атрымае ад міжнародных фінансавых арганізацый да 2011 года. Так, Еўракамісія плануе прадаставіць Латвіі сярэднетэрміновую фінансавую дапамогу ў памеры да 3,1 млрд. еўра. Міжнародны валютны фонд можа вылучыць 1,7 млрд. еўра. Таксама гатовасць дапамагчы выказалі паўночныя краіны — Данія, Нарвегія, Фінляндыя і Швецыя прадаставяць рэспубліцы 1,8 млрд. еўра.
Акрамя таго, Сусветны Банк вылучыць 0,4 млрд. еўра, а Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця разам з Польшчай, Чэхіяй і Эстоніяй — 0,5 млрд. еўра.