19 траўня 2024, Нядзеля, 8:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацысцкія надпісы ў Віцебску не хвалююць ні ЖКГ, ні міліцыю

12

Толькі з-за апазыцыйных лёзунгаў у Віцебску перафарбоўваюць сьценкі ды платы. Усе астатнія заклікі, нават фашыстоўскія, адказным службам не здаюцца небясьпечнымі.

Ужо ня менш як два месяцы ў падземным пераходзе паміж вуліц Церашковай, Петруся Броўкі і Маскоўскім праспэктам у Віцебску зьявіліся малюнкі і надпісы прафашыстоўскага зьместу. На першы погляд, сымбылі і словы ня дужа зразумелыя, хіба што слова «Nazi» можа пазнаць шэраговы мінак. Аднак тыя, хто маляваў, да прыкладу, лічбы «14/88», напэўна ведалі пра тое, што яны абазначаюць у адпаведным асяродку, піша старонка www.bulletinonline.org.

Так, «88» – гэта сымбалічная выява закліку «Хайль Гітлер» («Heil Hitler»), бо якраз восьмай па ліку ў лацінскім альфавіце ёсьць літара «Н».

Апрача таго, лічбы «14/88» абазначаюць кодавы лёзунг або нават сымбалічнае вітаньне ў сучасных наэнацыстаў. Самыя дасьведчаныя зь іх вывучалі й «літаратурна-філасофскую спадчыну» Дэвіда Лэйна – стваральніка й лідара арганіізацыі амэрыканскіх нэанацыстаў, члена Ку-Клукс-Клана, аўтара шавіністычнага дэвізу з 14-ці слоў: «We must secure the existence of our people and a future for White children» («Мы мусім захаваць існаваньне нашага народу і будучыню для Белых дзяцей»).

І кожны з «88 запаветаў» Дэвіда Лэйна таксама мае выразны нацысцкі і расісцкі зьмест. Да прыкладу, «запавет» № 13: «У адпаведнасьці з законамі прыроды няма нічога больш праведнага, чымсьці барацьба за захаваньне сваёй расы». Або «запавет» № 20: «Народ,які дазваляе прадстаўнікам іншай расы жыць паміж сябе, паступова зьнікне. Так можа зьнікнуць і ўся Белая раса, якая ўжо цяпер складае вельмі невялікую частку насельніцтва».

Усе зьвесткі пра выявы ў падземным пераходзе можна лёгка знайсьці ў інтэрнэце, і той або тыя, хто іх малюе, відавочна знаёмыя з тэорыямі нэафашызму. Прычым гэтыя невядомыя «барацьбіты за чысьціню белай расы» жывуць у адным горадзе з цёмнаскурымі замежнымі студэнтамі віцебскіх вну, якія, відаць, нездарма скардзяцца на тое, што іх часта абражаюць або правакуюць на бойкі. Але на нацысцкія надпісы ў абласным цэнтры ніхто не зьвяртае ўвагі – ні службы ЖКГ, якія хутка рэагуюць хіба што на словы «Жыве Беларусь!», не шкадуючы фарбы на замалёўку «бэнээфаўскага» лёзунгу, ні міліцыянты, якія проста праходзяць міма, нібыта не заўважаючы нічога навокал.

Цэлыя два гады прайшло, пакуль у Віцебску пачалі шукаць тых, хто рассылаў мясцовым актывістам лісты з пагрозамі ад імя РНЕ – прафашыстоўскай арганізацыі «Русское Национальное Единство». Сьледзтва ўрэшце рэшт распачаў КДБ, а дагэтуль атрымальнікам лістоў казалі, што арганізацыі РНЕ ў Беларусі няма й быць ня можа, бо яна не зарэгістраваная ў якасьці грамадзкага аб'яднаньня.

Нэафашыстоўцы таксама наўрад ці падавалі дакумэнты на дзяржаўную рэгістрацыю ў Беларусі. Але тыя, хто спавядае шавіністычныя ідэі, у Віцебску, безумоўна, ёсьць. Бо надпісы ў падземным пераходзе – гэта ўжо не проста дзіцячае свавольства, калі несьвядомыя малалеткі дзе папала малююць свастыку. І замежным студэнтам з Індыі, Кітаю і Афрыкі, мусіць, ня дужа прыемна праходзіць міма сьведчаньняў таго, што ў Віцебску ім пагражае, можа, пакуль толькі патэнцыйная, але ўсё-ткі небясьпека.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках