8 траўня 2024, Серада, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Клімаў: «З нецярпеннем чакаю наступных крокаў улады насустрач Еўразвязу»

8
Андрэй Клімаў: «З нецярпеннем чакаю наступных крокаў улады насустрач Еўразвязу»

Палітвязень Андрэй Клімаў вызвалены з Мазырскай калоніі паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Палітык ніколі не прасіў яго памілаваць. Свой прысуд – два гады пазбаўлення волі за артыкул у Інтэрнэце, у якім рэжым угледзеў «заклікі да звяржэння ўлады», – Клімаў лічыць абсурдным. Прычына яго вызвалення, заявіў былы палітвязень у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97, у тым, што ўлады вырашылі пайсці на збліжэнне з Еўразвязам, а без вызвалення Вязняў сумлення дасягнуць гэтага немагчыма.

– Андрэй, чаму Вас вызвалілі? Ці ёсць у Вас нейкія версіі?

– Я сам вельмі здзіўлены і дзесьці шакаваны. Я здагадваўся, што адбываюцца нейкія рухі, звязаныя з перамовамі цяперашняй улады з Захадам і з умовай аб вызваленні палітвязняў. Частка людзей ужо выйшла на свабоду. Але пасля таго, як я прачытаў у «Советской Белоруссии» тэкст выступу Аляксандра Лукашэнкі перад студэнтамі, дзе ён сказаў, што пытанне з палітвязнямі вырашанае і цяпер слова за Еўразвязам, я вырашыў, што нам з Казуліным і Здвіжковым больш няма на што спадзявацца. Вядома, знерваваўся. Але потым цалкам нечакана мяне выклікалі і сказалі, што ўказам прэзідэнта мой тэрмін пакарання скарочаны….

Застаецца толькі выказаць здагадку, што гэта даўгачасная праграма цяперашняй улады, і накіраваная яна не проста на перамовы дзеля захавання свайго рэжыму, але і на збліжэнне з Еўразвязам, магчыма, і на падрыхтоўку да ўступлення нашай краіны ў Еўразвяз. І, вядома, я звязваю вялікія надзеі з тым, што гэты рух улады ў бок гуманнага стаўлення да палітычных апанентаў працягнецца, і на свабоду таксама выйдуць Аляксандр Казулін і Аляксандр Здвіжкоў.

– Вы не губляеце надзеі, што неўзабаве на свабоду выйдзе і Аляксандр Казулін?

– Я б вельмі хацеў, каб быў вызвалены Аляксандр Казулін. Гэта не толькі прынесла б вялікую радасць і палягчэнне самому Казуліну і яго родным, але вельмі пазітыўна б адбілася на стасунках нашай дзяржавы з Еўразвязам.

– Як пракаментуеце Ваш арышт. Вас нечакана арыштавалі, абвінаваціўшы ў закліках да звяржэння ўлады ў артыкуле, апублікаваным у Інтэрнэце…

– Абсурдна вінаваціць мяне ў закліках да гвалтоўнага звяржэння ўлады, бо я як дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання заўсёды адстойваў дзеянне Канстытуцыі і заўсёды абвяшчаў прынцып законнасці, незалежна ад таго, хто цяпер ва ўладзе, а хто ў апазіцыі. І мяне не проста арыштоўваюць, а яшчэ і прысуджаюць да двух гадоў строга рэжыму. Гэта было для мяне вялікім шокам і дзесьці расчараваннем у жыцці. Я перажыў вялікі стрэс і, пэўна, катарсіс, таму што давялося змяніць цалкам свой светапогляд. Мне раптам стала абсалютна незразумела, у якой краіне я апынуўся. Дзесьці была ломка маральная, дзесьці была нават дэпрэсія, але з часам я супакоіўся, па-філасофску паставіўся да гэтага і зразумеў, што, мабыць, справа ўсё-ткі не ў мне, а ў тым, што мая крытыка ўлады закранала асабістыя інтарэсы пэўных службоўцаў. Магчыма, калі б Лукашэнка пачаў рух у бок Еўразвяза яшчэ год таму, гэта прынесла б краіне больш карысці.

– Паступала трывожная інфармацыя пра пагаршэнне ў турме стану Вашага здароўя.

– Так, пагоршыўся агульны стан здароўя. Я быў у менскім турэмным шпіталі на Кальварыйскай. Наступствы гэтага адчуваліся і ў Мазырскай калоніі. З сэрцам былі праблемы, а потым яшчэ дадаліся прастудныя захворванні. Праблем хапала ў гэтым плане. Я спадзяюся цяпер заняцца больш грунтоўна сваім здароўем, магчыма, нават змяніць клімат на некаторы час.

– Але Вы не збіраецеся з'язджаць з Беларусі?

– Не, вядома. Калі толькі прыгаіцца.

– Ёсць пэўныя планы на будучыню?

– Мне цяжка разважаць на гэтую тэму, бо я яшчэ не адчуваю сябе свабодным чалавекам. Мне цяжка прызвычаіцца да статуса чалавека, які ўжо не знаходзіцца ў зняволенні. Пэўна, калі гэты «комплекс зэка» пройдзе, я здолею падумаць пра тое, чым буду займацца і пачну будаваць нейкія планы. А пакуль я з нецярпеннем чакаю наступных пазітыўных крокаў улады насустрач Еўразвязу і, магчыма, у гэтым звязку нейкім чынам адкарэктую свае планы на будучыню.

– Ісці насустрач Еўразвязу – гэта сёння важна для ўлады?

– Я на сабе адчуў, што ўлады ідуць у патрэбным кірунку. Гэта вельмі нядрэнны выхад для нас усіх. Ісці насустрач Еўразвязу, выкарыстаць шанец на ўступленне ў Еўразвяз.

Фота – "Радыё Свабода"

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках