24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пешаходы з флікерамі гінуць часцей

12

Толькі за 18 лютага ДАІшнікі аштрафалі 957 чалавек за адсутнасць флікера. Аднак як даведалася Еўрарадыё, з 14 пешаходаў, якія загінулі на дарогах за два тыдні лютага, 9 мелі святлоадбівальныя элементы. Псіхолагі лічаць, што наяўнасць флікера дзейнічае на пешаходаў расслабляльна.

Па словах намесніка начальніка рэспубліканскага ДАІ Ігара Ваніцкага, абазначаныя флікерам людзі гінуць не таму, што іх святло прыцягвае да сябе машыны. Вінаватыя самі пешаходы – піць меней трэба.

“У кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца: як там і што адбывалася. Можа і абазначыў сябе пешаход нейкім святлоадбівальным элементам, ішоў па краі праезжай часткі ў нецвярозым стане, хіснула – вестыбулярны апарат дрэнна працуе – і патрапіў пад машыну. Можна начапіць флікер, потым напіцца і заснуць пасярэдзіне праезжай часткі. Такіх здарэнняў даволі шмат. Бывае, што пры сустрэчным раз’ездзе ў цёмны час сутак кіроўцу дастаткова цяжка заўважыць нават і флікер”.

Між тым, каб пазбегнуць штрафу дастаткова мець флікер любога памеру. Якім бы маленькім ён не быў і дзе б яго не прыладкавалі. Нават калі жанчыны, якія, па словах намесніка начальніка ДАІ, любяць бліскучыя штучкі, вешаюць іх на дамскія сумачкі, дзе іх складана заўважыць і зблізку:

“На бязрыб’е і рак рыба”, ёсць такая прымаўка. Таму, калі чалавек разумее, што гэтым святлоадбівальным элементам, хай ён і маленькі, усё ж такі нейкім чынам абазначае сябе на праезжай частцы ў цёмны час, гэта ўжо добра”.

ДАІшнікі прапаноўваюць, каб ўсе веласіпедысты апраналі светлаадбівальныя камізэлькі. Але на думку псіхолага Вікторыі Пякарскай, наяўнасць у чалавека флікера дзейнічае на яго расслабляльна і нараджае ілюзію гарантаванай бяспекі:

“Некаторыя думаюць, што хтосці можа гарантаваць маю бяспеку. Нейкі бацька ці Бог гарантуюць маю бяспеку, калі я гуляю па правілах. Я начапіў флікер, я іду па пешаходным пераходзе, на зялёнае святло – я маю права больш не клапаціцца пра ўласную бяспеку. Справа нават не ў саміх флікерах, а ў спадзяванні на добрага тату, які абароніць пры любым раскладзе”

Дарэчы, штраф за атсутнасць флікера – 15500 рублёў. А калі пешаход быў нецвярозы, то 62 тысячы. Штодня ў краіне штрафуюць каля 800 “неабазначаных” пешаходаў. Калі нават лічыць па мінімуме, сума атрымліваецца больш за 15 мільёнаў рублёў у дзень. Але колькі дакладна, намеснік начальніка ДАІ не ведае. Затое расказаў, куды яны ідуць.

“Усе гэтыя грошы ідуць у мясцовыя і рэспубліканскія бюджэты. Адтуль, натуральна, фінансуецца як уборка праезжай часткі, так і абсталяванне асвятлення праезнай часткі”.

ДАІшнікі кажуць, што не могуць выпраўляць хібы на праезжай частцы альбо ў асвятленні. Але ён збірае інфармацыю пра іх ад усіх інспектароў і накіроўвае адказным установам – Міністэрству транспарту і камунікацый і Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Як паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама Жана Трайно, у Мінску без флікераў штодня штрафуюць да 70 чалавек. Гэта – больш за 1 мільён рублёў. Усе яны пайшлі ў бюджэт горада. Але колькі за іх паставілі ліхтароў на неасветленых участках, у ДАІ не ведаюць. А ў тым, што пешаходы з флікерамі гінуць пад коламі машын, кажа, яны вінаватыя самі. Правілы трэба выконваць.

“Правілы дарожнага руху існуюць незалежна ад таго, расслабляюцца ці не пешаходы, абазначаныя флікерамі. І яны павінны іх выконваць. Таму, калі яны ўсё адно трапляюць у аварыі, разбіральніцтва пакажа, хто ў гэтым вінаваты”.

Дарэчы, размовы кіроўцы падчас руху па мабільным тэлефоне без спецыяльных прыстасаванняў таксама лічацца парушэннем правілаў дарожнага руху. За яго прадугледжаны штраф да 2 базавых велічынь (62 тысячы рублёў).

18 лютага ДАІшнікі аштрафавалі 957 чалавек без флікераў, то колькі кіроўцаў пацярпелі за размовы па тэлефоне, намеснік начальніка ДАІ не ведае. Кажа, што такой статыстыкі ў іх няма. Затое ёсць яна ў мінскіх ДАІшнікаў – каля 50 ў дзень. Гэта менш, чым аштрафаваных пешаходаў без флікераў. І хаця небяспечныя і тыя, і другія парушальнікі, складваецца ўражанне, што за пешаходаў ДАІ ўзялося больш грунтоўна.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках