Франак Вячорка: «Ciстэма адукацыi паказала, што яна не вучыць, а гняце»
1- 10.04.2008, 13:24
Моладзевы актывiст Франак Вячорка, не так даўно адлiчаны з факультэта журналiстыкi БДУ быццам бы за непаспяховасць, вырашыў iзноў прайсцi на родным факультэце сумоўе, па выніках якога Франак быў прызнаны не прыдатны да навучання на факультэце журналістыкі.
Дарэчы, у гэты дзень ён быў адзіным абітурыентам, які не прайшоў сумоўя, сярод тых, хто прэтэндуе быць журналітстам. “Народная воля” пацікавілася, чаму ён усё ж вырашыў пайсці на сумоўе і пра што канкрэтна размаўляла з Вячоркам журфакаўская камісія?
— Паўторна паступаць на журфак я не збiраюся нi ў якiм разе, бо гэта прынцыпова. Калi я i працягну там вучобу, то толькi праз аднаўленне. Дарэчы, 5 красавiка я падаў у суд на рэктара БДУ. А сумоўе — гэта было такiм ходам, контратакай... Запiсаўся на яго ў першы ж дзень рэгiстрацыi, на пачатку сакавiка, запiсаўся на спецыяльнасці "журналiстыка" i "мiжнародная журналiстыка", каб выпрабаваць нервы камiсii. Бо нiякiя рэкамендацыі, якiя выдаюцца на сумоўi, у прынцыпе, нiчога не значаць.
— Тэст на лаяльнасць?
— Так. Праходзiла сумоўе ў цэнтральным корпусе БДУ, у камiсii было шэсць чалавек. Старшыня камiсii — Таццяна Дасаева, у камiсii — дэкан факультэта Сяргей Валянцiнавiч Дубовiк, супрацоўнiк упраўлення iнфармацыi Матусевiч (не ведаю, як яго завуць), iншыя выкладчыкi. Да мяне было стаўленне не як да абiтурыента, а больш як да студэнта.
Першае, што ў мяне спытаўся Дубовiк, дык гэта навошта я прыйшоў на сумоўе. Я адказаў, што збiраюся аднаўляцца i рэкамендацыя мне паслужыць аргументам пры аднаўленнi. У камiсii захiхiкалi, а пытаннi працягнулiся. Матусевiч запытаў: "Якiя законы рэгулююць права рэдакцыi адмовiць у публiкацыi таго цi iншага матэрыялу?" Адказаў, што такое права рэгулюецца ўнутраным статутам рэдакцыi i Законам аб друку i СМI.
Пасля ўзялiся за мой інтэрнет-дзённiк. Аказваецца, што ўсе ў камiсii вельмi дасведчаныя i ва ўсiх ёсць раздрукоўкi майго дзённiка. Нават цытавалi падчас сумоўя i дадавалi: "Цi адпавядае тое, што ты пiшаш у інтэрнеце, сацыяльнай адказнасцi журналiста? Чаму падаеш усё аднабакова? Чаму абражаеш факультэт?" Я растлумачыў, што нiкога не абражаў, а выказваўся пра сваё адлiчэнне, якое палiчыў незаконным. Iзноў пасля гэтага смех...
Пасля ў мяне яшчэ пацiкавiлiся, якое я маю дачыненне да журналiстыкi, на што адказаў: "Я супрацоўнiчаю два гады з iнфармацыйным агенцтвам БелаПАН, друкуюся ў інтэрнет-выданнях, выдаваў газету ў лiцэi..." Мне было вельмi непрыемна адказваць на ўсе гэтыя пытаннi, бо было бачна, што камiсiя запраграмавана на вынiк. Калi я адказваў пра сацыяльную адказнасць журналiста i пра свой дзённiк, мяне перапынiла адна выкладчыца з камiсii i сказала: "Вы так умно все говорите, но у меня сложилось впечатление, что вы давите на комиссию". Я тады падумаў: можа, лепш маўчаць? I якi сэнс гэтага сумоўя? Адным словам, сумоўе працягвалася хвiлiн пятнаццаць, пасля чаго мяне папрасiлi выйсцi.
— Каб прыняць рашэнне?
— Натуральна. Праз нейкi час мне паведамiлi, што камiсiя параiлася i вырашыла рэкамендацыю мне не даваць. Самае цiкавае, што калi я зайшоў на факультэт, то ўжо адразу стала ясна, як гэта ўсё будзе адбывацца. А пасля сумоўя дэкан сказаў: "Бачыш, Франак, мы з табой сёння па-добраму i, спадзяюся, што наша гэтая сустрэча не выйдзе па-за межы аўдыторыi". Але, думаю, нiчога страшнага не будзе, калi людзi даведаюцца, як у нас праходзяць сумоўi.
Дарэчы, яшчэ адзiн такi невялiкi факт. Перад сумоўем я спаткаў намеснiцу дэкана, i яна запытала ў мяне: "Што значаць вашыя партрэты ў жаночых прыбiральнях?" "Нiчога не значаць, — кажу. — Нехта павесiў — i вiсяць". Разумееце, гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Бо ўся сiстэма адукацыi паказала, што яна не вучыць, а гняце. I проста цкуе альтэрнатыўнае меркаванне.
Калi я чакаў свайго выклiку на сумоўе, размаўляў з тымi хлопцамi i дзяўчатамi, якiя прыехалi сумовiцца. Усе яны так прыхарошвалiся, што складвалася ўражанне, што тут не змаганне ведаў, а канкурэнцыя iмiджу. Так падначаленыя стараюцца спадабацца начальству. Прыхарошвалiся, рыхтавалi выказваннi пра БРСМ... Гэта ўсё настолькi смешна, што ад гэтага мне проста брыдка.