Лукашэнка асабіста разгледзіць новыя правілы беларускай арфаграфіі
24- 14.05.2008, 18:25
13 мая законапраект аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі накіраваны на канчатковае ўзгадненне Аляксандру Лукашэнке.
Аб гэтым у інтэрв’ю БелаПАН паведаміў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Здановіч. "Пасля атрымання адказу дакумент можна выносіць на разгляд дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў» у другім чытанні", — адзначыў ён.
У.Здановіч паведаміў, што ў законапраекце захаваная норма, у адпаведнасці з якой дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, арганізацыі, а таксама грамадзяне Рэспублікі Беларусь і замежныя грамадзяне пры выкарыстанні беларускай мовы павінныя кіравацца правіламі арфаграфіі і пунктуацыі, хаця раней гэтае палажэнне дадавалася словамі "у афіцыйных стасунках".
«Дэпутат» адзначыў, што "ніхто людзей караць за няправільна сказанае слова не будзе". "Але калі, напрыклад, вырабляеш рэкламу (гэта не зусім афіцыйнае ўжыванне), то трэба карыстацца правіламі. Газеты таксама будуць абавязаныя карыстацца беларускай мовай. Магу выразіць ім толькі спачуванне. Ёсць два выданні ("Наша нiва" і "Arche"), якія выкарыстоўваюць "тарашкевіцу", але пасля ўступлення закона ў сілу, яны павінныя будуць кіравацца зацверджанымі правіламі", — заявіў ён.
У.Здановіч таксама адзначыў, што назвы вышэйшых дзяржаўных органаў улады будуць пісацца з вялікай літары. "выключэнне ў гэтым правіле пакуль толькі адно: у назве "Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу" з вялікай літары будуць пісацца толькі два словы. Юрысты заяўляюць, што адсутнасць гэтага выключэння пацягне парушэнне Канстытуцыі, дзе напісана " Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ". Хаця я не бачу тут парушэння. Да і ў астатніх краінах, у тым ліку Расеі, назвы вышэйшых органаў улады пішуцца з вялікай літары", — паведаміў ён.