23 снежня 2024, панядзелак, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША могуць занесці беларускі рэжым у спіс фундатараў тэрарызму

34
ЗША могуць занесці беларускі рэжым у спіс фундатараў тэрарызму

У выпадку пацверджання фактаў падтрымкі калумбійскай тэрарыстычнай групоўкі FARC замежнымі дзяржавамі, наступствы для іх могуць быць вельмі сур'ёзнымі.

На падставе гэтых дакументаў у Кангрэсе ЗША ўжо рыхтуецца законапраект, паводле якога амерыканскія заканадаўцы могуць занесці дзяржавы, якія падтрымліваюць калумбійскіх паўстанцаў у спіс краінаў - фундатараў тэрарызму, адзначае расейская газета "Новые известия".

Як нагадвае выданне, у канцы мінулага тыдня начальнік цэнтра грамадскіх сувязяў і інфармацыі беларускага КДБ Валерый Надтачаеў абвясціў аб выкрыцці чарговай "шпіёнскай сеткі" пад кіраўніцтвам супрацоўніка амбасады ЗША Курта Фінлі. Абвінавачанні ў адрас гэтага амерыканскага дыпламата рушылі следам за абвешчаным дзярждэпартаментам ЗША пашырэннем санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў. Адначасова ў замежных СМІ адбылася ўцечка інфармацыі пра тое, што Менск меўся "дапамагчы" Венесуэле з пастаўкамі зброі паўстанніцкім "Рэвалюцыйным узброеным сілам Калумбіі" (FARС), занесеным Вашынгтонам у спіс тэрарыстычных арганізацый.

На думку "Новых известий", цікавы матыў, з якога вінавацяцца чальцы "шпіёнскай сеткі". Па словах Надтачаева, яны займаліся "незаконным фота- і відэаздыманнем грамадзян Беларусі, а таксама сачылі за супрацоўнікамі міліцыі". Падчас праверкі, праведзенай КДБ Беларусі, высветлілася, што ўдзельнікі "групы назірання і выяўлення" здалелі сабраць пад пяць тысяч фотаздымкаў. Але яшчэ большая недарэчнасць сітуацыі ў тым, што Курт Фінлі ўжо вярнуўся на радзіму. Прычым той жа Надтачаеў сцвярджаў, што "на ранняй стадыі здолелі спыніць уцягванне беларускіх грамадзян у незаконную дзейнасць", якая можа быць кваліфікавана па артыкуле 356 КК Беларусі ("здрада дзяржаве").

Больш за тое, адзначае выданне, на днях адбылося чарговае ўдакладненне мінфіна ЗША з нагоды санкцыяў адносна "Белнафтахіма". У спіс фірмаў, чые рахункі мусяць быць заблакаваны ў краінах Еўропы і ў Амерыцы, дадалі тры буйныя даччыныя прадпрыемствы гэтага канцэрна: ААТ "Лакафарба" (Ліда), РУП "Полацкае вытворчае аб'яднанне "Шкловалакно" і ЗАТ "Беларускі нафтавы гандлёвы дом". Па словах часовага паверанага ЗША ў Беларусі Джонатана Мура, асноўнай прычынай пашырэння санкцыяў з'яўляецца знаходжанне ў турэмным зняволенні экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна і іншых актывістаў апазіцыі.

Адначасова афіцыйны Менск аказаўся задзейнічаны і ў буйным міжнародным скандале. Як сцвярджае іспанская газета "Эль Паіс", Беларусь абяцала дапамагчы Венесуэле з пастаўкамі зброі для паўстанцаў з калумбійскіх FARС.

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць пра фінансавыя ўзаемаадносіны прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрада гэтай краіны з групоўкай "Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі" (FARC).

У дакументах таксама згадваецца "беларускі сябар", які дашле дэлегацыю ў Каракас для правядзення перамоваў з паўстанцамі. У іспанскай газеце El Pais, якая першая апублікавала гэтыя звесткі, лічаць, што гэтым "сябрам" можа быць дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман, які ў лютым быў з візітам у Венесуэле.

Таксама ў кампутары забітага першага сакавіка аднаго з лідэраў калумбійскіх паўстанцаў Рауля Раерса быў знойдзены файл, у якім сцвярджалася, што Уга Чавес "разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення".

У дзяржсакратарыяце Савета бяспекі Беларусі з нагоды інфармацыі, змешчанай у "Эль Паіс", карэспандэнту "Новых известий" заявілі, што ў іх "пакуль нічога пэўнага няма". А дзярждэпартамент ЗША ўжо паведаміў, што ў выпадку пацверджання фактаў падтрымкі FARC замежнымі дзяржавамі, наступствы для іх могуць быць вельмі сур'ёзнымі. На падставе гэтых дакументаў у кангрэсе ўжо рыхтуецца законапраект, паводле якога амерыканскія заканадаўцы могуць занесці дзяржавы, якія падтрымліваюць калумбійскіх паўстанцаў у спіс краінаў - фундатараў тэрарызму.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках