Лукашэнка гатовы аддаць МАЗ расейскаму алігарху Дзерыпаску?
11- 19.05.2008, 13:21
Аляксандр Лукашэнка лічыць перспектыўнай рэалізацыю сумесных праектаў з ААТ "Рускія машыны", у прыватнасці, з удзелам "Менскага аўтамабільнага заводу".
"Мне даўно вядомыя вашы прапановы і цікавасць расейскіх кампаній да нашага машынабудавання. Гэта натуральна, нам трэба разам працаваць, каб атрымліваць найбольшую выгаду ад нашых сумесных праектаў, каб мы змаглі супрацьстаяць у гэтай жорсткай канкурэнцыі", - заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся сёння ў Менску са старшынём нагляднага савету кампаніі "Базавы элемент", старшынём савету дырэктараў ААТ "Рускія машыны" Алегам Дзерыпаскам.
Па словах А.Лукашэнкі, беларускі бок гатовы будаваць супрацу з ААТ "Рускія машыны" "на аснове рынкавых цывілізаваных метадаў". "Мяне прывабліваюць вашыя прапановы, што вы зрабілі яшчэ год таму", - сказаў ён. Пры гэтым ён адзначыў, што "адзіным тормазам у адказе было тое, што аналагічную прапанову мы атрымалі ад КАМАЗу. Яны (КАМАЗ - ІФ) таксама разлічвалі ад нас атрымаць адказ, і мы вывучалі і іх прапанову", - заявіў беларускі прэзідэнт.
Кажучы пра супрацу з "Рускімі машынамі", А.Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта фундаментальная, канцэптуальная рэч, што мы мусім аб'яднаць высілкі". "Я гатовы ў гэтым дачыненні прымаць рашэнне, калі мы ўзгоднім падыходы і агульнае бачанне перспектываў. Чаму б і не", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Пры гэтым ён закцэнтаваў увагу на тым, што, "калі мы пачнем гандлявацца, то хацелася б, каб гэта было сумленна і прыстойна".
"Мы прыстойна на сённяшні дзень мадэрнізавалі наш МАЗ, мы, у прынцыпе, і самі можам працаваць і канкураваць, але разам мы маглі б зрабіць больш", - адзначыў А.Лукашэнка.
У сваю чаргу А.Дзерыпаска заявіў, што "нашыя прадпрыемствы тэхналагічна супрацоўнічаюць ужо больш за 20 гадоў". "Для нас сёння важна з нашымі партнёрамі стратэгічна вызначыцца на найбліжэйшыя 10-15 гадоў", - адзначыў ён. Да таго ж, па словах А.Дзерыпаскі, "важным момантам з'яўляецца тое, што Беларусь і Расея будуць паступова адчыняць свае рынкі. Таму важна, як мы зможам у сувязі з гэтым канкураваць з еўрапейскімі вытворцамі", - заявіў А.Дзерыпаска.