14 снежня 2025, Нядзеля, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джонатан Мур: «Свабода ў Беларусі не прадмет гандлю»

6
Джонатан Мур: «Свабода ў Беларусі не прадмет гандлю»

Дыпламатычны канфлікт паміж Менскам і Вашынгтонам цягнецца больш за два месяцы. З-за эканамічных санкцыяў ЗША супраць дзяржканцэрна "Белнафтахім" бакі адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацыяў і скарацілі штаты амбасадаў. На днях амерыканскае казначэйства заявіла, што абмежаванні пашыраюцца на падкантрольныя канцэрну "Беларускі нафтавы гандлёвы дом", завод "Лакафарба" і прадпрыемства "Шкловалакно".

Пра тое, як можна выйсці з гэтага канфлікту, "Времени новостей" распавёў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

-- Пацяпленне адносінаў магчыма ў выпадку паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На пачатку года, калі Менск вызваліў некалькіх палітвязняў, здавалася, што гэта адбудзецца. Але з лютага мы не бачым пазітыўных зрухаў.

-- З'явіліся чуткі пра магчымае закрыццё амбасады і парыў дыпламатычных зносінаў…

-- Амбасада ЗША ў Менску працуе, хоць у ёй засталося ўсяго чатыры дыпламаты. Рашэнні прымаюць палітыкі. Спадзяюся, Беларусь ўсё ж такі будзе мець амбасаду ў ЗША, а ЗША – у Беларусі.

-- ЗША заявілі пра санкцыі адносна трох беларускіх заводаў. Гэта і ёсць новыя санкцыі, пра якія казалі раней?

-- Гэта пытанне інтэрпрэтацыі. Еўразвяз і ЗША пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Беларусі ўвялі візавыя абмежаванні адносна беларускіх чыноўнікаў. У 2007 годзе ЗША пашырылі санкцыі на дзяржканцэрн "Белнафтахім". Гэта было працягам папярэдніх крокаў. У сакавіку казначэйства ўдакладніла санкцыі адносна даччыных прадпрыемстваў "Белнафтахіма". Былі названы тры з падкантрольных канцэрну кампаніяў, якія сярод іншых падпадаюць пад дзеянне ўведзеных раней санкцыяў. Так што гэта не ўвядзенне новых абмежаванняў. Рашэнне пра далейшыя санкцыі будзе прымацца ў Вашынгтоне, калі ў Беларусі не адбудзецца паляпшэнняў з правамі чалавека.

-- Ці магчыма адмена санкцыяў у выпадку вызвалення Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма, якіх ЗША лічаць палітвязнямі?

-- Свабода дэмакратычных актывістаў у Беларусі не з'яўляецца прадметам гандлю. Але вызваленне трох палітычных зняволеных будзе разглядацца Вашынгтонам станоўча. Яшчэ нядаўна ў краіне было шэсць палітвязняў, потым адзін -- Аляксандр Казулін, цяпер іх трое (экс-кандыдат у прэзідэнты Казулін у 2006 годзе быў прысуджаны да пяці з паловай гадоў турмы па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, Парсюкевіч і Кім асуджаныя ў красавіку 2008 года па справе аб збіцці міліцыянтаў: адзін на два з паловай гады, а другі на паўтара гады. -- Рэд.).

-- Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на выбарах у верасні ў парламент могуць прайсці некалькі апазіцыянераў. Гэта паўплывае на пазіцыю ЗША?

-- Мы будзем сачыць за хадой выбараў з вялікай цікавасцю. Для нас важна, каб увесь працэс, уключна з рэгістрацыяй кандыдатаў, агітацыйнай кампаніяй і галасаваннем, быў адкрытым. Гэта прадугледжвае і доступ апазіцыі да дзяржаўных СМІ, і магчымасць незалежных назіральнікаў ажыццяўляць назіранне за падлікам галасоў. Ацэнкі будуць зроблены на падставе ўсіх гэтых фактараў. Мы лічым пазітыўнай заяву Менска пра адкрытасць Беларусі для назіральнікаў з Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ).

-- А калі санкцыі падштурхнуць Менск да больш шчыльнай інтэграцыі з Расеяй?

-- Беларусь і Расея -- суседзі з важнымі эканамічнымі і культурнымі сувязямі. Мы прызнаем законныя інтарэсы Беларусі і Расеі праводзіць двухбаковую палітыку так, як яны лічаць патрэбным, але падкрэсліваем, што ЗША выступаюць за суверэнітэт Беларусі.

-- Кіраўнік беларускага нацбанка Пётр Пракаповіч заявіў, што санкцыі ЗША абуджаюць недавер да Беларусі ў заходніх інвестараў. Гэта згуляе на руку бізнэсмэнам з Расеі...

-- ЗША згодныя з Расеяй у тым, што беларуская эканоміка мае скрайнюю патрэбу ў рэформах. Пераход да рынка вымагае зменаў у заканадаўстве, якія маглі б пераканаць інвестараў, што іх інтарэсы абаронены. Без рэформаў Беларусь трапляе ў небяспеку, звязаную з ростам коштаў на энерганосьбіты. Існуе рызыка непразрыстага продажу актываў, што было б не на карысць беларускаму народу.

-- Як паўплывала на працу амбасады скарачэнне штату?

-- Мы працягваем выяўляць інтарэсы ЗША, імкнемся падтрымліваць усе нашыя праграмы. Але, вядома, не можам рабіць столькі, колькі раней рабілі 35 чалавек.

-- У амбасадзе ЗША ў Менску ўжо не выдаюцца візы беларускім грамадзянам. Гэтая функцыя перададзена амерыканскім амбасадам у Расеі, ва Украіне і нават у Арменіі і Грузіі...

-- Нашыя калегі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве і іншых гарадах выдаюць візы беларусам. Па маіх звестках, праблем не ўзнікала.

-- Ці адбіўся канфлікт на грамадзянах ЗША, ахвочых наведаць Беларусь?

-- Амерыканцы працягваюць наведваць Беларусь. Яны могуць атрымаць візу ў амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне. У нас няма статыстыкі пра колькасць паездак, паколькі ў адрозненне ад беларускіх уладаў ЗША не адсочваюць перасоўванні сваіх грамадзян.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках