17 траўня 2024, Пятніца, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: «Ніхто афганцам ільготы не вярнуў»

7

Вайна ў Афганістане ішла 9 гадоў 1 месяц 21 дзень. За час вайны ў баявых дзеяннях узялі ўдзел 30 тысяч беларусаў. З іх загінулі 771 чалавек (у 10 выпадках бацькі згубілі адзінае дзіця ў сям'і) і 12 зніклі без вестак. 870 салдатаў і афіцэраў вярнуліся з вайны інвалідамі.

Каля 2000 чалавек атрымалі раненні, кантузіі або былі знявечаны. Пасля заканчэння баявых дзеянняў і да нашага часу памерлі 9,5 тысячы ўдзельнікаў вайны. Два нашы землякі -- Мікалай Чэпік і Андрэй Мельнікаў -- былі ўганараваныя званнем Героя Савецкага Саюза. Зараз у Беларусі жыве каля 21 тысячы чалавек - удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане.

Ужо амаль 20 гадоў прайшло з таго дня, як савецкія войскі былі ўведзены ў Афганістан. Тысячы і тысячы юнакоў прайшлі праз пекла чужой вайны. Ім далі ганаровае імя воінаў-інтэрнацыяналістаў і прызначылі пэўныя льготы, якія пасля распаду СССР узяла на сябе суверэнная Беларусь у адносінах да сваіх грамадзян. Годнае і маральнае рашэнне. Але з прыняццем 14 чэрвеня 2007 года новага закона аб сацыяльных ільготах, афганцы гэтых ільгот былі пазбаўлены. Матэрыяльны і маральны ўдар. Па каментар пра сітуацыю з ільготамі «Новы час» звярнуўся да вядомага праваабаронцы, удзельніка вайны ў Афганістане Алега Волчака.

- Нядаўна прагучалі заявы, што афганцам ільготы вярнулі, дык ці варта было дзяржаве распачынаць гэту кампанію, каб пасля ад яе адмаўляцца?

- Ніхто нам, афганцам, ільгот не вярнуў. Закон РБ «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян» дзейнічае і зараз. У выніку прыняцця гэтага непісьменнага закона ўдзельнікі вайны ў Афганістане былі пазбаўлены: бясплатнага атрымання лекаў; бясплатнага вырабу і рамонту зубных пратэзаў, забеспячэння іншымі пратэзамі і пратэзна-артапедычнымі вырабамі; першачарговага забеспячэння пуцёўкамі ў санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку (тыя, хто працуе, атрымлівалі іх па месцы працы, а непрацоўныя - праз органы, якія здзяйсняюць пенсійнае забеспячэнне); бясплатнага праезду на ўсіх відах гарадскога транспарту (тыя, хто жыве ў сельскай мясцовасці, - праезду на міжгароднім аўтамабільным транспарце ў межах адміністратыўнага раёну па месцы жыхарства); бясплатнага праезду на чыгуначным, аўтамабільным і водным транспарце прыгараднага спалучэння.

Акрамя таго, раней удзельнікі вайны, калі дасягнуць пенсійнага ўзросту, мелі права на пяцідзесяці працэнтную зніжку за тэхнічнае абслугоўванне 20 квадратных метраў агульнай плошчы жылога памяшкання і 20 квадратных метраў на ўсю сям'ю. Такую ж зніжку мелі яны і на аплату за камунальныя паслугі (гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыя, газ, электрычная і цеплавая энергія, ліфты, вываз і абясшкоджанне цвёрдых бытавых адкідаў, іншыя паслугі). Афганцы, што жылі ў да мах без цэнтралізаванай падачы цеплавой энергіі, мелі пяцідзесяціпрацэнтную зніжку на кошт паліва, што набываецца ў межах нормаў, усталяваных для продажу насельніцтву. Паліва для іх выдзялялася паза чаргой. Удзельнікі вайны карысталіся правам першачарговага ўсталявання кватэрнага тэлефону з аплатай у памеры 20 працэнтаў ад установачнай платы і 50 працэнтаў ад кошту дадатковых прац па будаўніцтву абаненцкай лініі працягласцю не больш за 500 метраў.

Усе гэтыя льготы зараз за хаваліся толькі для тых, хто не працуе і мае інваліднасць, раенні, знявечанні або кантузіі. Фактычна, больш за 20 000 афганцаў пазбавіліся льгот. А што да вяртання бясплатнага праезду, дык гэта была вымушаная мера, таму што кожны ўдзельнік вайны сутыкнуўся з гэтай праблемай з 17 снежня 2007 года. Але ж вярнулі толькі бясплатны праезд у гарадскім транспарце...

- У СМІ прамільгнула інфармацыя, што больш за дзе тысячы ўдзельнікаў вайны паставілі свае подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны суд з абгрунтаваннем патрабавання вярнуць ільготы ў ранейшым памеры. Які быў адказ?

- Старшыня Канстытуцыйнага суда П. Міклашэвіч нам нават не зрабіў ласку адказаць асабіста, а даручыў гэта свайму клерку з канцылярыі. Такой непавагі мы не чакалі. Сваю адмову нам матывавалі тым, што Канстытуцыйны суд не можа разглядаць звароты грамадзян, бо гэта не яго кампетэнцыя. Аднак артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян накіроўваць калектыўныя лісты ў любыя дзяржаўныя органы ўлады і атрымліваць не фармальныя адпіскі, а канкрэтныя рашэнні па выказаных праблемах. Менавіта Канстытуцыйны суд быў абавязаны стаць на абарону правоў дваццаці тысяч салдат, чые канстытуцыйныя правы парушаны.

- А што ж перашкодзіла Канстытуцыйнаму суду разгледзець вашу калектыўную скаргу?

- Як юрыст, я сцвярджаю, што ў нас, на жаль, няма самастойнай і незалежнай судовай улады. Безумоўна, спадар Міклашэвіч цудоўна разумеў, што гэта не просты закон, які абмяжоўвае правы выключна афганцаў. Калі б ён пачаў аднаўляць наша права на льготы, давялося б пасля такім жа самым чынам вяртаць ільготы чарнобыльцам, пенсіянерам, малалетнім вязням канцэнтрацыйных лагераў, моладзі, студэнтам і іншым групам насельніцтва, што жывуць у нястачы. Закон РБ «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», які пазбавіў большую частку насельніцтва сацыяльнай падтрымкі з боку дзяржавы, па сваёй сутнасці - палітычна матываваны закон. Менавіта таму старшыня Канстытуцыйнага суда спадар Міклашэвіч і не адказаў асабіста, каб не браць на сябе адказнасць.

- Якімі будуць вашы наступныя крокі ў змаганні за свае правы?

- Мы працягнем пісаць звароты ў дзяржаўныя органы, якія займаюцца праблемамі ўдзельнікаў вайны. Ужо накіраваныя лісты ў “нацыянальны сход” Рэспублікі Беларусь, у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Мінскі гарадскі савет. Трэба зазначыць, што шмат хто з чыноўнікаў, відавочна, нават не чытаў закон «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», інакш бы яны не дазвалялі сабе рабіць такія памылкі, як, напрыклад, Мінгарсавет. У прыватнасці, гэты закон не пазбаўляў нас бясплатнай паркоўкі ў горадзе, аднак Мінскі гарадскі савет дэпутатаў парушыў закон і прыняў рашэнне забраць у нас і гэту льготу. Зараз мы збіраем адказы ўсіх магчымых міністэрстваў, якія хоць нейкім чынам займаюцца абаронай правоў удзельнікаў вайны, а затым мы звернемся да прэм'ер міністра Беларусі спадара Сідорскага. Калі ён не дапаможа, будзем звяртацца ў Савет старшыняў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.

- Няўжо Савет СНД можа нейкім чынам паўплываць на беларускі ўрад, каб ён аднавіў ільготы?

- Наша краіна ўваходзіць у склад СНД, і рашэнні, што былі прыняты гэтай структурай, павінны выконвацца ўсімі сябрамі СНД, у тым ліку і Беларуссю. Закон РБ «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян» парушыў міжнароднае пагадненне СНД «Аб узаемным прызнанні льгот і гарантый для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, сем'яў вайскоўцаў, якія загінулі». Рэспубліка Беларусь, у адпаведнасці з артыкулам 2 гэтага пагаднення, узяла на сябе абавязкі не ўсталёўваць на сваёй тэрыторыі аб'ём ільгот і гарантый ніжэйшы за той, які прадугледжаны гэтым пагадненнем.

“Дэпутаты” цалкам праігнаравалі Канстытуцыю РБ, міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства, што рэгулюе правы ветэранаў, чым значна абмежавалі нас, воінаў інтэрнацыяналістаў, у правах.

- Ці ёсць у “нацыянальным сходзе” Рэспублікі Беларусь “дэпутаты” - былыя ўдзельнікі вайны ў Афганістане? Якая іх пазіцыя па праблеме льгот для афганцаў? Ці ўздымалі яны гэтую тэму ў “парламенце”, у СМІ да прыняцця закона?

- Такія “дэпутаты” ёсць - на прыклад, Баршчоў, Каменецкі, Шокаў, Марахін. Гэта баявыя афіцэры, былі параненыя, узнагароджаныя ордэнам Чырвонай Зоркі. Але, на жаль, мы не чулі, каб яны ўздымалі гэту праблему.

Ды і наогул, ці ў нашым “парламенце” хоць хтосьці можа выступаць з альтэрнатыўным пунктам гледжання? “Дэпутаты” не толькі не абаранілі салдат, якім пашанцавала вярнуцца жывымі, але і абмежавалі ў правах маці, жонак, дзяцей тых, хто загінуў у Афганістане.

Безумоўна, заробкі ў “дэпутатаў” вельмі высокія, плюс вайсковая пенсія каля 600-800 тысяч рублёў, таму самі яны ў ільготах не маюць патрэбы. Ім можна жыць і без ільгот. Аднак яны здрадзілі майму пакаленню - хлопцам, якія сыходзілі на вайну без працоўнага стажу, не займеўшы ніякай прафесіі, юнакам, якім было па 18 год. Пенсія афганца - інваліда трэцяй групы крыху вышэй за 300 тысяч рублёў. Ці магчыма выжыць на такія грошы? А афіцэр, які сышоў на пенсію і не мае інваліднасці, у залежнасці ад звання, атрымлівае ад 600 тысяч. “Дэпутаты”, якія прагаласавалі за адмену льгот, пазбавілі інвалідаў нават мінімальнай падтрымкі дзяржавы. Паводле гэтага закона, інваліды-афганцы, якія працуюць, гэтак жа, як і мы, простыя ўдзельнікі вайны ў Афганістане, што не маем раненняў, кантузій або не знявечаныя, пазбаўлены льгот. Я да гэтага часу не магу ўсвядоміць, як можна было так пакрыўдзіць салдацкіх маці і пазбаўляць іх пенсіі за загінулага сына, што і так складала ўсяго толькі дзве базавыя велічыні (крыху больш за 35 долараў ЗША). Я думаю, што дэпутатам яшчэ давядзецца адказваць за гэта ў сваіх акругах перад хлопцамі-афганцамі.

- Не так даўно ў СМІ была інфармацыя, што ў адносінах да невядомых асобаў, якія Вам, Алег, пагражалі за актыўную пазіцыю ў абароне правоў удзельнікаў вайны, адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

- Сапраўды, следства выйшла на мяркуемых асобаў - удзельнікаў гэтай правакацыі. Як высветлілася, пагрозы мне дасылалі праз кампанію «Белсел». Здавалася, што нарэшце хоць адна справа будзе раскрытая. Але, як і заўсёды, калі гэта справа звязана з абаронай дэмакратычнага актывіста, яе расследаванне раптам пачынае буксаваць. Больш за тое, гэта інфармацыя была выключана з матэрыялаў праверкі. Зараз я падаю скаргу ў пракуратуру, дзе зноў буду патрабаваць прыцягнення злачынцаў да крымінальнай адказнасці.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках