Надзвычайнае здарэнне ў Оршы: сышлі з рэек вагоны з небяспечным рэчывам
5- 23.06.2008, 10:19
У суботу ўвечар на вузле сартавання вагонаў станцыі Орша-Цэнтральная сышлі з рэек чыгуначныя кантэйнеры з чырвоным фосфарам.
Паводле "Ежедневника", некалькі тон небяспечнага грузу, пазначанага спецкартай "456" (трэцяя ступень небяспекі), трапіла на зямлю.
Пры неспрыяльным збегу акалічнасцяў горад і прылеглыя да яго населеныя пункты ў 20-кіламетровай зоне маглі апынуцца ў зоне хімічнага заражэння. Як прызналіся "Е" спецыялісты, дажджу ці моцнага ветру хапіла б, каб абвясціць у райцэнтры надзвычайнае становішча. Зрэшты, наступствы аварыі змаглі даволі хутка зліквідаваць.
Да збору чырвонага фосфару былі прыцягнуты ўсе службы чыгункі, а таксама спецыяльныя аддзелы МНС, Міністэрства аховы здароўя, міліцыі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Пры гэтым на лакалізацыю хімічнага надзвычайнага здарэння сышло некалькі гадзін. Прыблізна пад 3 гадзіны раніцы 22 чэрвеня зона аварыі стала адносна бяспечнай. Вагоны былі паднятыя, а адзін з кантэйнераў, які пры падзенні займеў расколіну, ізаляваны.
У той самы час некаторыя ўдзельнікі ратавальнай аперацыі занепакоены тым, што ў часе ліквідацыі наступстваў аварыі над тэрыторыяй хімічнага бедства дзьмуў моцны вецер. Тэарэтычна паветраныя плыні маглі пашырыць зону паразы на некалькі кіламетраў. Зрэшты, на гэты момант санітарныя службы горада і працаўнікі МНС прычынаў для турботы і панікі не бачаць.
Па факце надзвычайнага здарэння Транспартнай пракуратурай Оршы ўжо праводзіцца папярэдні разгляд. Мяркуецца, што прычынай аварыі стала тэхнічная няспраўнасць рухомых канструкцый саміх вагонаў. Але ёсць і іншая версія. Яе сутнасць зводзіцца да парушэння правілаў роспуску вагонаў і бяспечнага гашэння іх хуткасці пры спуску з сартавальнай горкі. Мяркуецца, што супрацоўнікі вузла сартавання няслушна, без выкарыстання адмысловых сродкаў, усталявалі пад вагонамі гасільнік хуткасці ("башмак"), у выніку чаго і адбылася аварыя.
Нягледзячы на стратэгічную важнасць чыгуначнага вузла ў Оршы, там дагэтуль выкарыстоўваюцца састарэлыя тэхналогіі па роспуску вагонаў і фармаванню грузавых складаў. На больш сучасных у тэхнічным плане станцыях для паніжэння хуткасці грузавых вагонаў выкарыстоўваецца магнітнае поле. Гэта значна спрашчае працэс сартавання і дазваляе чыгуначнікам лёгка і аператыўна карэктаваць хуткасныя параметры. Са словаў працаўнікоў чыгуначнага вузла, "башмакі" выкарыстоўваюцца на станцыі ў мэтах эканоміі сродкаў. Пра неабходнасць укаранення новых тэхналогій вядзецца даўно, аднак далей за гутарку справа пакуль не пасунулася. Таму паспяховы спуск вагонаў залежыць ад мноства фактараў: зносу гасільнікаў хуткасці, слушнасці іх усталёўкі і хуткасці людскай рэакцыі.
На думку прадстаўнікоў праваахоўных органаў, менавіта апошні фактар мог стаць прычынай трагедыі. Нібыта ў момант роспуску кантэйнераў з фосфарам для калінінградскага замоўцы адказныя "башмачнікі" былі ў сп’янелым стане.
Зрэшты, версія грубага парушэння Дырэктывы №1 прэзідэнта Беларусі яшчэ не атрымала афіцыйнага адлюстравання ў матэрыялах папярэдняга разгляду.
Варта адзначыць, што "фосфарнае" надзвычайнае здарэнне – ужо трэцяе ў спісе тэхнічных агрэхаў Аршанскай дыстанцыі шляху. Не так даўно чыгуначнікі браліся за ліквідацыю наступстваў зыходу з рэек цыстэрнаў з бензолам, а некалькі месяцаў таму на талачынскім адрэзку чыгуначнага шляху загарэўся цеплавоз. Гэтыя факты публічна не агалошваліся. З апошніх маштабных аварыяў цягнікоў з хімічным эфектам шырокай грамадскасці вядома толькі пра сыход вагонаў з жоўтым фосфарам у Львоўскай вобласці (Украіна). Дарэчы, 16 ліпеня будзе роўна год ад той гучнай тэхнагеннай катастрофы.