«Народная Воля» падала ў суд на Службу бясьпекі
1- 6.06.2008, 9:29
Рэдакцыя газэты «Народная Воля» і намесьніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш падалі ў суд Маскоўскага раёну Менску на “палату прадстаўнікоў” і Службу бясьпекі прэзыдэнта.
Увосень Марына Коктыш зьвярнулася ва ўстаноўленым парадку з просьбай аб акрэдытацыі пры “палаце прадстаўнікоў”. Трэба адзначыць, што Марына Коктыш была акрэдытаваная ў “парлямэнце” ўжо некалькі гадоў. Без тлумачэньня прычын гэтым разам Марыне ў акрэдытацыі адмовілі. Тады рэдакцыя накіравала зварот да старшыні “палаты прадстаўнікоў” Вадзіма Папова. Рэдакцыі адказаў ня сьпікер Вадзім Папоў, а старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юры Кулакоўскі. Ён у вуснай форме патлумачыў, што Марыне Коктыш забаронены допуск у Дом ураду. Рэдакцыя і Марына Коктыш падалі яшчэ адну скаргу, і ім зноў адказаў спадар Кулакоўскі, праўда, ужо ў пісьмовай форме: такое рашэньне прыняла Служба бясьпекі прэзыдэнта.
“Рэдактар «Народнай Волі» накіраваў афіцыйны зварот на імя кіраўніка Службы аховы прэзыдэнта Андрэя Ўцюрына з просьбай патлумачыць, якім чынам мая прысутнасьць на пленарных паседжаньнях “палаты прадстаўнікоў” пагражае ўсяму Дому ўраду”, -- распавяла “Радыё Свабода” Марына Коктыш.
Прайшло ўжо два месяцы, але ніякага адказу і нават адпіскі са Службы бясьпекі прэзыдэнта няма. Рэдакцыя параілася зь юрыстамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і вырашыла зьвярнуцца ў суд са скаргай на “палату прадстаўнікоў” і Службу бясьпекі прэзыдэнта.
“Мы лічым, што і “палата прадстаўнікоў”, і Служба бясьпекі прэзыдэнта парушаюць беларускаен заканадаўства, у прыватнасьці, Закон аб друку і сродках масавай інфармацыі. Мы лічым, што суд павінен прымусіць чыноўнікаў выконваць закон, што законы напісаныя ня толькі для простых людзей. Чыноўнікаў таксама трэба вучыць выконваць беларускія законы”, -- кажа журналістка.
Тыдзень таму Міністэрства замежных спраў адмовіла ў акрэдытацыі карэспандэнту “Радыё Рацыя” Аляксею Мінчонку:
“Гэтая камісія выявіла факт майго супрацоўніцтва ранейшага з замежнай радыёстанцыяй “Радыё Рацыя”, і на падставе гэтага мне было адмоўлена ў маім прашэньні ў акрэдытацыі. Я нібыта парушыў палажэньне аб акрэдытацыі замежных карэспандэнтаў пры МЗС. Цікава, што ў палажэньні пра акрэдытацыю няма ніводнага слова пра прычыны, празь якія могуць адмовіць у акрэдытацыі. Гэта тое самае, як і артыкул Крымінальнага кодэксу пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі: як любая арганізацыя ў пэўны час бывае незарэгістраванай, так і любы карэспандэнт замежнага СМІ працуе ў пэўны час без акрэдытацыі”, -- паведаміў Мінчонак для “Радыё Свабода”.