24 снежня 2024, aўторак, 15:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот – падману і здрадзе!

21
Байкот – падману і здрадзе!

Прадстаўніца Партыі БНФ Святлана Лапіцкая наўпрост у памяшканні Жодзінскай акруговай выбарчай камісіі адмовілася ад удзелу ў выбарах у "парламент" і дэманстрацыйна не стала рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу. У сваім адкрытым звароце Лапіцкая заклікала ўсіх выказаць недавер Цэнтравыбаркаму, цяперашняму рэжыму і не хадзіць на ўчасткі для галасавання.

“Гэты мой крок прадыктаваны тым, што для рэальных пераменаў у бок дэмакратызацыі выбарчага працэсу, акрамя палітычных заяваў кіраўніцтва РБ, нічога не зроблена практычна. Як і раней – зфармаваныя надзейныя мэханізмы для маніпуляцыяў галасамі выбарнікаў, імі кіруюць тыя ж самыя асобы, што працавалі на "плян" ува ўсіх мінулых "выбарчых спэктаклях", - заявіла актывістка Партыі БНФ.

Падаем тэкст адкрытага звароту Святланы Лапіцкай.

ТЭКСТ АДКРЫТАГА ЗВАРОТА СВЯТЛАНЫ ЛАПІЦКАЙ

24.07.2008 года ў памяшканні Жодзінскай акруговай выбарчай камісыі №66 я, прадстаўніца Партыі БНФ, Сьвятлана Лапіцкая, афіцыйна абвясьціла пра сваю адмову ўдзельнічаць у так званых выбарах дэпутатаў у “палату прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Рэспубліцы Беларусь чацьвёртага скліканьня, якія плянуецца правесьці восёньню 2008 года, і – дэманстратыўна адмовілася рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу.

Гэты мой крок прадыктаваны тым, што для рэальных пераменаў у бок дэмакратызацыі выбарчага працэсу, акрамя палітычных заяваў кіраўніцтва РБ, нічога не зроблена практычна. Як і раней – зфармаваныя надзейныя мэханізмы для маніпуляцыяў галасамі выбарнікаў, імі кіруюць тыя ж самыя асобы, што працавалі на "плян" ува ўсіх мінулых "выбарчых спэктаклях" ...

Назіраемыя разыходжаньні ў афіцыйнай рыторыцы і практычных захадах учасе прасоўваньня выбарчага працэсу, не ўключэньне ў склад акруговых выбарчых камісыяў па ўсёй краіне такіх аўтарытэтных і дасьведчаных асобаў, як Станіслаў Шушкевіч, Валянцін Голубеў, Пятро Казлоўскі, Аляксандар Сасноў …, у тым ліку ў Жодзіне – Аляксей Лапіцкі (праваабаронца, сябра Сойму ПБНФ) … – сьведчыць толькі аб адным – выбараў і на гэты раз не будзе.

Улады, ня гледзячы на афіцыйныя заявы, працягваюць (як публічна прызнаўся “гарант Канстытуцыі”) “зьневажаць свой народ” ... А садзейнічаць падобнаму падману сваім удзелам у чарговым выбарчым фарсе, як чалавек сумленны й адказны, я – адмаўляюся.

Заклікаю ўсіх тых, хто не разгубіў пачуцьцё ўласнае годнасьці, выказаць свой недавер кіраўніцтву ЦВК, цяперашняму рэжыму і не хадзіць на выбарчыя ўчасткі, не ўдзельнічаць у падложным спэктаклі, сканцэнтраваць свае намаганьні на адстойваньні права на рэальны, свабодны й дэмакратычны выбарчы працэс, на свабодныя й дэмакратычныя выбары ў Беларусі.

Я, Сьвятлана Лапіцкая, сябра ПБНФ, праваабаронка і грамадзянская актывістка, удзельніца ў выбарчых кампаніях 2001, 2003, 2004 і 2006 г.г. – здымаю сваю кандыдатуру не на карысьць нейкага іншага прадстаўніка ў будучым “палітычна-намэнклятурным фарсе”, гэта было б абсурдным яшчэ й таму, што ўсе вылучаемыя кандыдатуры з Жодзіна і Смалявічаў сёлета – не выклікаюць даверу як сапраўды самастойныя й незалежныя палітычныя фігуры. Годная дэмакратычная альтэрнатыва не можа зьявіцца пакуль выбары не стануць рэальнымі, пакуль мы не навучым уладу паважаць кожнага з нас, нашыя правы й свабоды, свой народ.

Паставіць на месца "зарваўшагася чыноўніка" можна толькі сілаю грамадзянскага супраціву – нутранай чысьціні й несакрушальнае веры ў абавязковую перамогу праўды, права й нацыянальнай еднасьці ... Толькі шырокі грамадзкі байкот плянуемага ў нашай краіне чарговага зьдзеку з выбарчага й грамадзянскага права можа спыніць далейшае паглыбленьне краіны ў бездань падману, дыктату й здрады. Толькі так, можна прымусіць чынавенства ўзгадаць пра сапраўдную адказнасьць перад уласнымі выбарнікамі, перад кожным з нас і Беларускім народам. Падман і падмена – там, дзе вузкі “клан чыноўнікаў” узурпаваў права і праз зманапалізаваныя СМІ выказваецца ад імя ўсяго народу.

Але трэба дакладна разумець, што Беларускі народ – гэта не “група адзінадумцаў” (!?). Народ ня можа быць “партыяй” ці нейкім прыдатка да “партыі ўлады”! Як сёньня гэта спрабуе прыпадносіць афіцыйная прапаганда. У Канстытуцыі Беларусі ёсьць наўпростая забарона на падобны ідэалягічны манапалізм дзяржавы і, як сьлед, абавязковасьць падобнага “народнага адзінадумства”.

Наш народ – не аморфная шэрая маса клонаў альбо марыянэтак, не “ідэалягічная прыслуга” ля “трону” ўлады. Наш народ – таленавіты, моцны й непераможны. Ён – разнастайны, талерантны й салідарны. І ня трэба “апранаць” яго ў “брудную вопратку ката”, узбройваць “сякераю адзінадумства і правільнасьці”, скіроўваць супраць надуманых ворагаў – “іншадумцаў”! Нашая моц – у салідарным адзінстве – адзінстве ЗА ПРАЎДУ, ГОДНАСЬЦЬ і ЗА СВАБОДУ! У тым ліку – СВАБОДУ ДУМКІ І СЛОВА! Адзінымі мы можам быць толькі ў сваім салідарным імкненьні быць свабоднымі, годнымі і заможнымі – жыць у адзінай свабоднай, мірнай і дэмакратычные Беларусі.

Усё іншае – ад Лукавага. Гэта – працяг шляху да бязконцага, злачыннага расколу грамадзтва. Але ў нас не павінна быць падзелу на “народ” і “ўсіх астатніх”, на “правільных” і “апазыцыйных” грамадзянаў (апошнія – Беларусы – ужо зараз, быццам эмігранты ўва ўласнай краіне …). Таму, у нас няма большага ворага ў краіне, чым падобная “усеагульнанародная афіцыйная правільнасьць” – яна ёсьць пачаткам і працягам неправамернае практыкі “перасьледу за іншадумства” ...

Адзінымі мы можам быць толькі ў свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, якая памятае, адэкватна ўспрымае і разумее, як урокі гіторыі, гэтак і сучаснасьць, ідзе ў ногу з часам, прырастае сябрамі, а не стварае новых і новых ворагаў ...

Таму, я заклікаю да супраціву цяперашняму цынізму й нахабству, зь якімі ўлады рыхтуюцца ў чарговы раз падмануць і яшчэ больш разьяднаць беларускае грамадзтва. Я заклікаю да супраціву падлогу й здрадзе, зь якімі ў Беларусь насоўваецца кланава-алігархічны падзел маёмасьці на новай стадыі – “правільнай беларускай прыхватызацыі” ...

Як без права свабоднага выбару можна заставацца гаспадаром на сваёй уласнай зямлі, быць сапраўдным грамадзянінам ва ўласнай дзяржаве?

Байкот не выбараў, але выбарчага фарсу патрэбен, як рашучы аргумэнт супраціву – для дасягненьня зьменаў у афіцыйных трактоўках палажэньняў Выбарчага Кодэксу РБ, для прыняцьця дакладна прапісанай дэмакратычнай працыдуры па фармаваньні збалансаваных па складзе, самастойных выбарчых камісыяў, для правядзеньня ўсіх этапаў выбарчага працэсу пад пільным праўным кантролем грамадзтва. Беларусі, як паветра, сёньня патрэбныя рэальная свабода СМІ, свабода слова і думкі, мірных мітынгаў і сходаў, асацыяцыяў …, свабода выбару, безь якіх немагчымая ратацыя на любых узроўнях улады, грамадзянская актыўнасьць і зваротная сувязь з выбарнікамі, сапраўдны НАРОДНЫ КАНТРОЛЬ за чынавенствам, рост праўнай культуры й адказнасьці, ўпэўненасьці ў дзейснае сіле права …

Прадстаўнік Жодзінскага рэгіёну ў "парлямэнце" (як і іншых рэгіёнаў Беларусі) павінен быць прынцыповым і сьмелым чалавекам, актыўным абаронцам нашых грамадзянскіх правоў і свабодаў, а не кантралюемай пешкаю ў руках ідэалягічных адзьдзелаў і намэнклятурнай аўтакратыі. Любога рангу чыноўнік ва ўладзе – абавязаны жыць па дзейсных у краіне законах. Спэцслужбы – павінны служыць дзяржаве й народу, быць падсправаздачнымі й кантралявацца грамадзтвам, якое мусіць пазбавіцца страху, палітычнага перасьледу й дыктату ...

Я цалкам падзяляю думку тых палітыкаў і праваабаронцаў, у тым ліку свайго мужа, адзінадумцы й сябра, Аляксея Лапіцкага, які ўпэўнены ў тым, што кожны, хто сваім удзелам падтрымае будучы “выбарчы фарс” у Беларусі, так ці іначай, будзе вымушаны гуляць па правілах дзейснага рэжыму ... А апошні сёньня, проста, спрабуе купіць міравую супольнасьць за некалькі верагодных “незалежнікаў” у "парлямэнце", якіх “толькі ён” можа “працягнуць” туды і “толькі за вушы” ...

“Але выйграць СВАБОДУ, выйграць ПАВАГУ ДА СЯБЕ, давер у сваіх дзяцей, выйграць БУДУЧУЮ, САПРАЎДЫ СВАБОДНУЮ І МОЦНУЮ СВАІМ АДЗІНСТВАМ БЕЛАРУСЬ – нельга, гуляючы па правілах ЦЫНІЗМУ, ХЛУСЬНІ І ЗДРАДЫ …

Нам патрэбны – спраўдныя выбары!

БАЙКОТ – ПАДМАНУ І ЗДРАДЗЕ!

МЫ – БЕЛАРУСЫ! І МЫ – ЛІЦЬВІНЫ!

МЫ – СПАТКАЕМЦЫ НАШАЙ ВЯЛІКАЙ І ВОЛЬНАЙ

БАЦЬКАЎШЧЫНЫ! БУДЗЬМА РАЗАМ І – ПЕРАМОЖАМ!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках