25 снежня 2024, Серада, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўладныя кандыдаты ў «дэпутаты» ствараюць сабе цэлыя «групы садзейнічання»

6

Амаль пры ўсіх райвыканкамах краіны створаныя гэтак званыя «групы па садзейнічанні выбарчай кампаніі». Яны ёсць нават там, дзе старшыні выканкама збіраюцца ісці ў «дэпутаты».

Як паведаміла кіраўнік справамі Старадароскага райвыканкамуВольга Пархімовіч, у абавязкі групаў уваходзяць пытанні практычнай дапамогі.

“У абавязкі групы ўваходзяць пытанні практычнай дапамогі: падаванне памяшканняў для арганізацыі працы камісыі, забеспячэнне камісыі сродкамі сувязі, рамонтныя працы, неабходныя для таго, каб участкі адпавядалі нормам і мелі эстэтычны выгляд. Забеспячэнне камісыі кампутарнай тэхнікай. З усімі гэтымі пытаннямі старшыня выбарчай камісыі мае права звярнуцца да чальца раённага штабу. І мы ім аказваем садзейнічанне”, - сказала Пархімовіч у інтэрв'ю «Еўрарадыё».

Даволі вобразна растлумачыла службоўка выканкаму, чаму выбары ня могуць адбыцца без апекі райвыканкаму: яна параўнала выбары з уборкай ураджаю.

“Пытаннямі ўборкі ўраджаю мы цяпер займаемся. Да гэтага мы датычныя, ёсць адказныя асобы ад выканкаму, ёсць штаб па ўборцы, па аказанню дапамогі гаспадаркам. Штаб ствараецца на перыяд уборкі, нарыхтоўкі кормаў і таксама на перыяд выбараў”, - адзначыла яна.

Кіраўнікі аддзелу культуры патрэбныя, каб арганізоўваць канцэрты на выбарчых участках. Кіраўнік электразвязі адказвае за працу тэлефоннай лініі. Старшыня кіравання РАПА адказны за буфетна-кулінарную частку выбарчых участкаў. Кіраўнік электрасетак – за бесперабойную пастаўку на ўчасткі электрычнасці.

«Еўрарадыё» патэлефанавала ў вітальні больш за 10 райвыканкамаў, і ўсюды нам пацвердзілі – такія штабы ёсць!

Напрыклад, ёсць такая група ў Пастаўскім выканкаме, старшыня якога Эдуард Казура будзе змагацца за дэпутацкі мандат з беспартыйным пенсіянерам Уладзімірам Бароўкам.

Перадвыбарна-бытавы штаб працуе ў Палескай выбарчай акрузе №43, дзе старшыня Ельскага райвыканкаму Сяргей Канопліч супрацьстаіць «дэпутату» Сяргею Касцяну і прадстаўніку АГП Міколу Гаўрыленку.

У мястэчку Зэльва, старшыня выканкама якога Леанід Эльшаевіч пазначае ў кандыдаты па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48, такі штаб узначальвае кіраўнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы выканкаму Ірына Пузач.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі камітэт” Алег Гулак кажа, што закону службоўцы выканкамаў стварэннем такіх штабоў не парушаюць:

“Само па сабе стварэнне такіх штабоў фармальна не з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Важна, як яны будуць дзейнічаць далей і наколькі будуць самастойнымі камісыі. Калі камісыі сфармаваныя з вялікім удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады і дзяржаўных ворганаў, то гэта дае падставу сумнявацца ў іхняй самастойнасці”.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках