18 траўня 2024, Субота, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыі гатовыя да пратэстаў у выпадку фальсыфікацыяў вынікаў «выбараў»

1

Аб'яднаная грамадзянская партыя мае намер выкарыстаць канстытуцыйнае права на мірны пратэст у выпадку фальсіыфікацыяў вынікаў галасавання на «парламенцкіх выбарах».

Аб гэтым гаворыцца ў заяве, прынятай 10 жніўня дэлегатамі 12-го пазачарговага з'езду АГП.

У ёй падкрэсліваецца, што «парламенцкая кампанія» у Беларусі праводзіцца ва ўмовах «несупынных рэпрэсыяў і ціску ў дачыненні да дэмакратычных партыяў і грамадзкіх ініцыятываў». А кандыдаты з «спісу Лукашэнкі» выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс для збору подпісаў і арганізацыі сустрэч з выбарнікамі.

АГП зазначыла, што ўдзел ейных кандыдатаў у выбарчай кампаніі наўпрост залежыць ад выканання ўладамі «мінімальных умоваў», высунутых Аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі. Партыя збіраецца прызнаць вынікі «выбарчай кампаніі» толькі ў тым выпадку, калі ейныя прадстаўнікі і назіральнікі будуць дапушчанымі да падліку галасоў.

Калі выбары адбудуцца з парушэннямі, АГП «пакідае за сабой магчымасць выкарыстаць канстытуцыйнае права на мірны пратэст супраць фальсыфікацый вынікаў галасавання і спробаў у чарговы раз прызначыць 110 дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў».

Кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька зазначыў на з'ездзе, што АГП стваралася як партыя парламенцкага тыпу. «Мы былі вельмі эфектыўнымі ў Вярхоўнай Радзе 13-го склікання, — зазначыў ён. — Увесь пакет эканамічных законапраэктаў быў ініцыяваным і падрыхтаваным чальцамі фракцыі «Грамадзянскае дзеянне». Але вось ужо 12 гадоў мы знаходзімся ў "акопах". Гэтае вельмі дарагое задавальненне для Беларусі. Краіна без здаровай канкурэнцыі ў палітыцы дэградуе. Але для таго, каб у Беларусі з'явіўся «парламент», трэба вярнуць людзям права выбару дэпутатаў, незалежна ад таго, якіх палітычных поглядаў яны прытрымваюцца».

Наконт перспектываў прызнання легітымнасці «палаты прадстаўнікоў» Анатоль Лябедзька заявіў, што Парламенцкая Асамблея АБСЕ яшчэ ў 2000-м году дэ-юрэ прызнала «палату».

«Прадстаўнікі Лукашэнкі вось ужо восем год з'яўляюцца паўнапраўнымі прадстаўнікамі гэтай арганізацыі, — сказаў лідэр АГП. — Чаго няма сёння, дык гэта прызнання легітымнасці існага палітычнага рэжыму. І цяпер прадпрымаецца спроба ажыццявіць гэта праз камерцыялізацыю стратэгіі Еўропы ў дачыненні да Беларусі. Але гандляваць прынцыпамі і каштоўнасцямі — для нас непрымальна».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках