Заўтра ўдзень у Менску будзе +40?
5- 15.08.2008, 10:41
Рэсурс www.gismeteo.by паведамляе, што заўтра днём у Менску чакаецца +38 - +40 градусаў!
Сапраўднае летняе надвор'е абяцаюць на бліжэйшыя выходныя ў Беларусі і сыноптыкі Гідраметцэнтру.
"Цёплыя паветраныя масы з Міжземнамор'я прынясуць у Беларусь у гэтыя выходныя па-сапраўднаму летняе, гарачае надвор'е", - паведаміла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" галоўны сыноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтру Беларусі Вольга Фядотава. Па ейным словам, "у бліжэйшыя выходныя ў Беларусі будзе вельмі гарачае надвор'е і практычна без ападкаў".
У суботу начныя тэмпературы складуць ад 12 да 18 градусаў цеплыні, а ўдзень - ад 23 да 29 градусаў, у Берасцейскай вобласці слупок тэрмометру падымецца да адзнакі ў 32 градусы, удакладніла В.Фядотава.
Такім сама гарачым надвор'е будзе і ў бліжэйшую нядзелю: днём - 27-33 градусы цеплыні, паведаміла спецыяліст.
Па ейным словам, пачатак наступнага тыдня таксама пацешыць жыхароў і гасцёў Беларусі гарачым і практычна без ападкаў надвор'ем, "толькі з сярэдзіны тыдня тэмпературны слупок апусціцца на некалькі градусаў".
В.Фядотава таксама паведаміла, што "у Віцебску ў суботу чакаецца 25-27 градусаў цеплыні, у нядзелю - да 28-30 градусаў, практычна без дажджу".
