25 снежня 2024, Серада, 17:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Беларусі забаранілі мітынг «Не – вайне!»

6

Менскі гарвыканкам адмовіў моладзевай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ» у правядзенні антываеннага мітынгу.

Аб гэтым паведаміў адзін з заяўнікоў мерапрыемства Франак Вячорка. Рашэнне аб правядзенні мітынгу арганізацыяй "Моладзь БНФ" было прынятым 13 жніўня. Плянавалася, што акцыя адбудзецца на плошчы Якуба Коласа.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі'97 Франак Вячорка, мітынг павінен быў адбыцца ў падтрымку незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі, а таксама пад патрабаваннем поўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыяў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Па словах Ф.Вячоркі, у адказе Мінгарвыканкаму, падпісаным намеснікам старшыні Міхаілам Ціцянковым, гаворыцца, што ў адпаведнасці з артыкулам 9 закону аб масавых мерапрыемствах не дазваляецца іхняе правядзенне на адлегласці бліжэй 200 метраў ад станцыяў метро і дзяржаўных установаў. "Акрамя таго, мне 26 жніўня тэлефанаваў старэйшы інспектар ГУУС Мінгарвыканкаму. Ён назваў толькі пасаду і не прадставіўся. І папярэдзіў мяне аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі", — паведаміў Ф.Вячорка.

"Пры гэтым дзяржаўныя мерапрыемствы, мерапрыемствы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праходзяць у такіх месцах без рэгістрацыі, без дазволу і без якіх-небудзь перашкодаў", — зазначыў Ф.Вячорка.

Як паведаміў палітык, заяўнікі акцыі будуць патрабаваць ад Мінгарвыканкаму вызначыць альтэрнатыўнае месца для правядзення мітынгу.

Акцыі ў падтрымку Грузіі ў Менску разганяюцца міліцыяй

Нагадаем, што 12 жніўня ў Менску была жорстка разагнанай акцыя ў падтрымку Грузіі. Актывісты арганізацыі «Малады Фронт» праводзілі мерапрыемства ля амбасады Расеі ў Менску. 15 актывістаў арганізацыі дашлі да амбасады з плякатамі «Спыніць агрэсыю», «Расея-Грузія: вайна ў міратворчых мэтах?», «Адна шостая частка сушы – няўжо гэтага мала?»

Удзельнікі акцыі паспелі перадаць петыцыю супрацоўнікам амбасады. Усяго пікет доўжыўся каля 10 хвілін. Затым прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Затрымлівалі актывістаў брутальна – міліцыянеры былі ўзброенымі аўтаматамі, актывістам заломлівалі рукі. У знак пратэсту яны селі на зямлю. У выніку ў міліцэйскія машыны затрыманых заносілі на руках.

Адна з удзельніц акцыі - Людміла Атакулова - была асуджанай на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Дзяўчыну абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках