25 снежня 2024, Серада, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта апазіцыянерам ратаваць рэжым Лукашэнкі?

26
Навошта апазіцыянерам ратаваць рэжым Лукашэнкі?

Пасля зняцця дэмакратычных кандыдатаў з «парламенцкіх выбараў» усяму свету стане відавочным палітычнае банкруцтва беларускай дыктатуры. Такое меркаванне ў інтэрв’ю прэс-цэтру Хартыі’97 выказаў адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», паслядоўны прыхільнік бойкота Зміцер Бандарэнка.

-- Як Вы ацэньваеце вынікі ўчорашняга паседжання Палітрады апазіцыйных партый, якая вырашыла адкласці рашэнне пытання аб удзеле або няўдзеле партыйных кандыдатаў у маючых адбыцца "парламенцкіх выбарах" да 21 верасня?

-- Я лічу гэтае рашэнне палавіністым, а ва ўмовах, калі да 28 верасня засталося менш за месяц, -- вельмі дзіўным. Пазіцыю прыхільнікаў байкота крытыкавалі за тое, што немагчыма забяспечыць нез'яўленне на "выбары" ва ўмовах датэрміновага галасавання. Сёння сітуацыя кардынальным чынам змянілася. На адно месца ў выбарчых акругах у сярэднім прэтэндуе ўсяго 2,5 чалавекі. Калі бы ўсе дэмакратычныя кандыдаты, а іх сёння засталося больш за 100, зняліся, то тады сярэдняя колькасць удзельнікаў у выбарах склала 1,5 чалавекі на акругу, а ў 80 акругах засталося бы па адным прэтэндэнце ад улады. Гэта азначала бы палітычнае банкруцтва рэжыма Лукашэнкі, бо гнаць насельніцтва на датэрміновае галасаванне і даваць лічбы аб 70-80 адсотках прагаласаваўшых за адзінага кандыдата, было бы ўжо абсалютна бессэнсоўным. Ні аб якім забеспячэнні яўкі ў такіх умовах гаворка бы ўжо не ішла.

-- Наколькі верныя сцвярджэнні партыйных кандыдатаў, што ім неабходна скарыстацца магчымасцю агітацыі ў дзяржСМІ перад «парламенцкімі выбарамі»?

-- Больш лагічным з'яўляецца рашэнне Партыі БНФ. Іх кандыдаты будуць выкарыстоўваць тэле- і радыёэфіры для тлумачэння факту, што ў краіне праходзіць выбарчы фарс, а не выбары, і будуць заклікаць беларускіх грамадзян да байкота.

Раней лідэры партый шмат казалі аб тэсце на дэмакратычнасць для беларускіх улад. Сёння гаворка ідзе аб такім жа тэсце для прадстаўнікоў партый. Калі мы па тэлебачанні альбо па радыё пачуем ад кандыдата, што ў краіне не праводзяцца сумленныя і справядлівыя выбары, і ў ягонай прамове будзе змяшчацца заклік не хадзіць на выбарчыя ўчасткі, а адстойваць сваю пазіцыю на плошчы, то, значыць, перад намі сапраўдны дэмакратычны кандыдат. Калі жа гаворка будзе ісці аб тым, што "галасуйце за мяне роднага, я вырашу ўсе вашыя праблемы", то, значыць, перад намі альбо лукашыст альбо дурань.

-- Што адбудзецца, калі 21 верасня Палітрада не прыме рашэння аб здыманні кандыдатаў?

-- Вы ведаеце, за апошні час некаторыя лідэры апазіцыйных партый значна падарвалі свой аўтарытэт. Ляўковіч сваім стаўленнем да палітвязня Казуліна, а Калякін заявамі аб карыснасці прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Учора мы пачулі дзіўныя заявы Анатоля Лябедзькі аб нейкім кампрамісе з уладамі. Усё гэта адбываецца на фоне заяваў Лукашэнкі аб тым, што выбарчы працэс знаходзіцца пад кантролем Савбяса.

Зразумела, што апазіцыйнымі кандыдатамі праведзеная вялікая праца ва ўмовах далёкіх ад свабодных выбараў, і ёсць жаданне пайсці "да канца". Аднак абсалютна незразумела, навошта аддаваць відавочную перамогу. Замест таго, каб весці з уладай далейшую размову на роўных, паколькі цяпер гаворка ідзе ўжо нават не аб легітымізацыі рэжыма, а аб ягоным выратаванні ад палітычнага краху, некаторыя апазіцыянеры чамусьці збіраюцца ісці ў ілжэпарламент у якасці "шасцёрак". Лідэры партый сёння павінныя прымаць рашэнні, зыходзячы з агульнанацыянальных, а не імгненных партыйных інтэрасаў, інакш у вачах людзей яны проста пяройдуць у лагер улады.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках