26 снежня 2024, Чацвер, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзеячы сусветнай культуры -- супраць гвалтоўных знікненняў у Беларусі (Фота)

Спектакль аб выкрадзеных у Беларусі вядомых людзях быў паказаны беларускім «Свабодным тэатрам» у галандскім Ратэрдаме і даў старт міжнароднай акцыі дзеячаў культуры ў падтрымку канвенцыі ААН супраць гвалтоўных знікненняў.

Паказы спектакляў «Пакаленне Jeans» і «Спасцігаючы каханне» праходзілі ў межах міжнароднага тэатральнага фэсту Rotterdamse Schouwburg. Спецыяльна на спектакль «Спасцігаючы каханне» у Ратэрдам прыляцела Ірына Красоўская, гісторыя каханні і трагічная гісторыя сям'і якой леглі ў аснову спектакля. У фінале спектакля Ірына не змагла стрымаць слез, а пасля спектакля дзякавала акцёрам за «цудоўную гульню і надзвычайнае пранікненне ў сутнасць матэрыялу».

Спектакль «Спасцігаючы каханне» даў старт міжнароднай акцыі дзеячаў культуры ў падтрымку канвенцыі ААН супраць гвалтоўных знікненняў. Першым да акцыі, ініцыяванай «Свабодным тэатрам», далучыўся вядомы брытанскі вакаліст МС Сора, які запісаў спецыяльна для спектакля два трэкі, у якіх ён начытвае пад музычны эмбіент фрагменты тэксту Канвенцыі супраць гвалтоўных знікненняў.

«Мы проста абавязаныя былі ініцыяваць гэтую грамадскую акцыю, бо Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль не выкараненая найстрашэнная загана – гвалтоўныя знікненні», – сказала ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 дырэктар тэатра Наталля Каляда.

Сёлета фэст у Ратэрдаме сабраў цэлы шэраг зорных тэатральных калектываў з Еўропы і ЗША: Новы рыжскі тэатр пад кіраўніцтвам Алвіса Херманіса, нью-ёркскі тэатральны праект Loan Shark, амерыканскі Nature Theater of Oklahoma. Беларусь на гэтым прэстыжным тэатральным форуме прэзэнтаваў беларускі «Свабодны тэатр».

На Ратэрдамскім фэсце «Свабодны тэатр» паказаў чатыры спектаклі – «Зона маўчання» у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня, «Пакаленне Jeans» і «Спасцігаючы каханне» у пастаноўцы Мікалая Халезіна, а таксама work in progress праекту Eurepica, сусветная прэм'ера якога адбудзецца ў пачатку сакавіка 2009 года ў швецкім Лунде.

Спектаклі «Свабоднага тэатра» выклікалі велізарную цікавасць тэатральных спецыялістаў. Спецыяльна дзеля таго, каб паглядзець спектаклі беларускай трупы, у Ратэрдам прыляцелі прадзюсары і кіраўнікі вядучых фэстаў з Канады, Нямеччыны, Галандыі, Вялікабрытаніі. Усе спектаклі «Свабоднага тэатра» прайшлі пры перапоўненых залах.

На старце фэсту бліскучымі водгукамі быў адзначаны спектакль «Зона маўчання» у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня, а зачынены work in progress міжнароднага тэатральнага праекту Eurepica падарыў тэатральным спецыялістам сапраўдную інтрыгу. Пяць падрыхтаваных фрагментаў (з запланаваных чатырнаццаці) пераканалі прадзюсараў у грунтоўнасці матэрыялу, і праект завочна запрошаны на цэлы шэраг фэстаў і гастрольных тураў. У праекце Eurepica дэбютавалі дзве новыя акторкі «Свабоднага тэатра» – амерыканская спявачка і акторка Стефані Пан і аўстралійская акторка Эстэр Мугамбі. Крытыкі асабліва адзначалі прафесіяналізм і эмацыйнасць беларускіх актораў і найвышэйшы ўзровень культуры пастаноўкі спектакляў.

Дырэктар фэсту Энемі Ванакер, каментуючы ўдзел у фэсце беларускага калектыва, сказала: «Я вельмі задаволеная, што «Свабодны тэатр» прыняў удзел у фэсце Rotterdamse Schouwburg. Поспех, які суправаджаў гэты калектыў на працягу ўсяго тыдня выступаў, пераканаў нас у тым, што нам неабходна працягнуць супрацоўніцтва. Мы неадкладна пачалі перамовы аб ка-прадукцыйным праекце, які хочам падрыхтаваць да наступнага фэсту».

Трупа «Свабоднага тэатра» у праекце Eurepica. У верхнім шэрагу справа – «навабранцы» Эстэр Мугамбі і Стефані Пан

Фрагмент спектакля Eurepica

Алег Сідорчык і Ганна Саламянская ў ролях Анатоля і Ірыны Красоўскіх у спектаклі «Спасцігаючы каханне»

Лера і Ірына Красоўскія глядзяць спектакль «Спасцігаючы каханне»

Сцэна з спектакля «Спасцігаючы каханне»

Гледачы пляскаюць стоячы трупе «Свабоднага тэатра»

Традыцыйныя свечкі пасля спектакля ў памяць аб выкрадзеных і забітых

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках