23 лiстапада 2024, Субота, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Гульні Захаду ўжо прывялі да краху ягонай палітыкі ў дачыненні да Расеі»

30
Андрэй Саннікаў: «Гульні Захаду ўжо прывялі да краху ягонай палітыкі ў дачыненні да Расеі»

«На нас аказваецца ціск, каб мы ўдзельнічалі ў выбарчым фарсе, каб Еўропа і ЗША мелі магчымасць прызнаць Лукашэнку», - заявіў адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю «Голасу Амэрыкі».

- Надоечы расейскі амбасадар у Беларусі нагадаў Аляксандру Лукашэнку, што Масква чакае ад яго дыпляматычнага прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. СМІ паведамілі, што беларускі лідэр накіраваў ліст прэзідэнту Дзмітрыю Мядзведзеву на гэты конт, прапанаваўшы вынесці праблему «права на самавызначэнне народаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі» на разгляд Рады калектыўнай бяспекі АДКБ 5 верасня. Як вы ацэньваеце адбывалае ў стасунках Масквы і Менску ў кантэксце грузінскай праблемы?

- Спачатку хацелася бы даць ацэнку сытуацыі ў цэлым. Адбываецца ўварванне расейскіх войскаў на тэрыторыю незалежнай дзяржавы, якая ўтварылася пасля распаду СССР. Упершыню ў найноўшай гісторыі гэтай прасторы мы назіраем такі акт агрэсіі, і, мабыць, гэта павінна быць адпраўной кропкай усіх ацэнак і палітычных крокаў з боку кіраўнікоў і палітычных дзяячаў дзяржаваў.

Расея паставіла ў вельмі складанае становішча нават сваіх супольнікаў. Мне не хацелася бы ставіць сябе на месца Лукашэнкі, але калі паспрабаваць уявіць ягоную сытуацыю, ён нічога ня выйграе ад падтрымкі Расеі. А страціць шмат.

Расея вычарпала рэсурс фінансавай і эканамічнай падтрымкі сваіх супольнікаў, а маральнага і дэмакратычнага рэсурсу ніколі і не было, таму ёй абапірацца больш няма на што. І таму ўжывацца будзе проста сіла.

Акрамя таго, Расея вычарпала і дыпляматычны арсенал, таму тое, што там сёння спрабуюць спасылацца на мітычныя саюзныя дзяржавы, або СНД, – гэта проста смешна, гэтага няма, гэта не працуе, ніхто проста ня ведае, як пахаваць гэтыя палітычныя трупы.

- На сённяшні дзень незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі падтрымалі групоўкі «Хезбола», «Хамас» і нікім непрызнаны Нагорны Карабах. Нават чальцы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва «выказалі глыбокую заклапочанасць у звязі з напружанасцю вакол паўднёваасяцінскага пытання». У той сама час, як піша брытанская «Таймс», адзіная еўрапейская краіна, акрамя Расеі, якая можа прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію – гэта Беларусь, якая з'яўляецца па сутнасці справы «расейскім васалам».

У тым выпадку, калі гэта ўсёткі адбудзецца, якія наступствы гэта можа мець для беларуска-расейскіх адносінаў і адносінаў Беларусі з Захадам?

- Лукашэнка цяпер спрабуе лаўраваць паміж Расеяй і Захадам, таму ён ня зможа хутка пайсці на прызнанне. Да таго ж ён разумее, што прызнанне расейскага гвалтоўнага, агрэсіўнага сцэнара не можа не адбіцца на сытуацыі ў Беларусі.

Расея патрабуе ня толькі таго, каб Лукашэнка прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асецію, а каб ён удзельнічаў у вайсковых сцэнарах Расеі, у супрацьстаянні Злучаным Штатам, каб Лукашэнка ўвёў адзіную валюту, каб ён дазволіў расейскаму капіталу і кампаніям прыватызаваць уласнасць у Беларусі.

Таму пытанне тут не проста ў прызнанні. Гэта пытанне, па сутнасці справы, асабістай улады Лукашэнкі, а на гэта ён пайсці ніяк ня можа. Што тычыцца стасункаў з Захадам, то палітыку самога Захаду ў дачыненні да Беларусі складана зразумець. Нават сёння ідзе нейкі гандаль, вынікам якога з'яўляецца незразумела што, прынамсі для нас.

На нас аказваецца нейкі ціск, каб мы ўдзельнічалі ў выбарчым фарсе, каб Еўропа і Злучаныя Штаты мелі магчымасць прызнаць Лукашэнку, гэта значыць, Захад тут падмяняе паняткі, і замест засноўвалых паняццяў і прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека спрабуе гуляць у нейкую гульню, якая, дарэчы, ужо прывяла да краху ўсю ягоную палітыку ў дачыненні да Расеі.

- Давайце дапусцім, што Аляксандар Лукашэнка адмовіцца прызнаваць Паўднёвую Асецію і Абхазію. Расейскія СМІ ужо назвалі «здрадай» ягоныя паводзіны ў разгар грузінскага канфлікту і патрабавалі ўзмацнення жорсткасці палітыкі Масквы ў дачыненні да Менску. Якія ўсёткі сродкі ёсць у арсенале Расеі, каб пакараць «нядбайнага саюзніка»?

- У Расеі ёсць шмат легальных і нелегальных мэтадаў - і нафтагазавых, і іншых. Калі прадставіць, што ўсё ж адбудзецца паварот Лукашэнкі ў бок Захаду, яму прыйдзецца зразумець, што сытуацыя ў свеце змянілася, і што без рашэння праблемаў унутры краіны, без прапановы грамадзтву канструктыўных дыскусіяў, якія будуць выходзіць на пэўныя вынікі дэмакратызацыі, а гэта значыць – непасрэдных зносінаў і перамоваў з апазыцыяй – ён нічога не дасягне.

Таму ён цяпер лаўруе, спрабуе адцягнуць рашэнне, якое даўно наспела: апазыцыя прапаноўвала сваю дапамогу ў абароне незалежнасці, аднак гэтая дапамога абумоўленая цалкам пэўнымі крокамі па дэмакратызацыі.

З боку Расеі яму ніякіх прапановаў не паступала, а, наадварот, ідзе моцны ціск, і мы гэта бачым, амбасадар Расеі паводзіць сябе проста па-хамску, ні ў адной іншай краіне, мусіць, амбасадар не дазволіў бы так сябе паводзіць.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках