25 снежня 2024, Серада, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі дзейнічае рэпрэсіўная медыцына

35

Лідэр «Моладзі БНФ» Франак Вячорка і намесьнік кіраўніка «Маладога Фронту» Іван Шыла зрабілі заявы пра незаконныя спробы ўладаў гвалтоўна адправіць іх служыць у войска.

Заява Франака Вячоркі:

«18 лютага 2008 я быў адлічаны з 3-га курса факультэта журналістыкі БДУ, тым самым пазбаўлены законнага права на адукацыю. Мой сярэдні бал на 5 сэмэстраў складаў 8,6, я лічыўся адным з найлепшых студэнтаў на курсе. Фармальнай падставай для адлічэньня сталі два іспыты, якія я прапусьціў у студзені, адбываючы арышт па сфабрыкаванай справе, па абвінавачваньні у нецэнзурнай лаянцы. Хаця ў жыцьці прынцыпова не карыстаюся расейскай мовай. Мне не была прадстаўлена магчымасьць пераздаць іспыты ў звычайным парадку.

Я абскарджваў рашэньне аб маім выключэньні ў судзе. І нягледзячы на відавочныя парушэньні працэдуры, што было даказана, суд адмовіў у задавальненьне скаргі. Я тройчы зьвяртаўся да рэктара з заявай на ўзнаўленьне, і ўсе разы мне адмаўлялі. Я паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які працуе ў выгнаньні ў Вільні, але ня маю нават магчымасьці здаць сэсію, бо ад 28 чэрвеня 2008 знаходжуся ў сьпісе, каму забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь.

Улетку й увосень 2008 года я праходзіў вайскова-мэдычнае асьведчаньне на прыдатнасьць да службы ў войску. Раённая камісія мяне прызнала «нягодным». Але напрыканцы верасьня мне было заяўлена, што абласная камісія не пацьвярджае вынікі абсьледаваньня, накіроўвае на пераасьведчаньне ў Рэспубліканскі ваенны шпіталь. Я двойчы ляжаў у гэтай установе. Апошні раз мяне, як злачынца, затрымалі і даставілі на абсьледаваньне. У шпіталі ад мяне хавалі вынікі абсьледаваньняў, рэнген-здымкі, картку хворага. Я праходзіў абсьледаваньне па гіпэртаніі, але ў заключным эпікрызе няма ні слова пра лічбы ціску. У мяне ёсьць сур'ёзныя падставы меркаваць, што загадчык аддзяленьня Водчыц Г.В, лекар Цімошчанка М.М і намесьнік начальніка шпіталя Жарын В.А. банальна сфальсыфікавалі вынікі абсьледаваньня, каб выканаць загад «зьверху» і прызнаць мяне годным да службы ў войску.

Калі я заявіў, што буду зьвяртацца ў суд, 16-га студзеня невядомыя мне людзі ў цывільным ўламіліся ў маю палату 319 Кардыялягічнага аддзяленьня, скруцілі рукі, зьбілі, хацелі адзець кайданкі. Гвалтам вывелі у двор, пасадзілі ў машыну і завезьлі ў ваенкамат. Я так і ня быў выпісаны са шпіталя ды не закончыў абсьледаваньня. У ваенкамаце прызыўная камісія цягам 5 хвілінаў прызнала мяне годным. Старшыню прызыўной камісіі М. Шыпай і ваенкому падпалкоўніку Загорскаму аддавалі загад супрацоўнікі спэцслужбаў.

Па жыцьці займаю актыўную грамадзкую пазыцыю, не прывык стаяць у баку. Усе гэтыя рэпрэсіі лічу вынікам сваёй дзейнасьці у кіроўных органах Партыі і «Моладзі БНФ». Я заўжды кіруюся законам, і патрабую гэтага ад іншых. Прызыў мяне ў войска носіць палітычны характар. Мы назіраем адраджэньне «рэпрэсіўнай мэдэцыны» з мэтай фальсыфікацыі дыягназаў і прызваньня на вайсковую службу асабліва актыўных маладых людзей, нягледзячы на аб'ектыўны стан здароўя.

У сувязі з гэтым я заяўляю, што

1) зьбіраюся падаваць у суд на рашэньне прызыўной камісіі і дзеяньні супрацоўнікаў 432 ГМКМЦ (Рэспубліканскі ваенны шпіталь). Буду дамагацца прыягненьня да адказнасьці тых, хто спрыяе майму незаконнаму прызыву. Згодна з законам, я не падлягаю прызыву да канчатковага рашэньня суда.

2) гатовы прайсьці незалежную мэдычную экспэртызу і адправіцца ў войска, калі буду прызнаны прыдатным. Гэта камісія мусіць быць сфармавана зь незалежных лекараў-спэцыялістаў, на якіх ня будзе ажыцьцяўляцца ціску ані з боку Міністэрства абароны, ані з боку спэцслужбаў;

3) буду патрабаваць прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія ўдзельнічалі ў маім зьбіцьці 16 студзеня 2009, а таксама незаконным пазбаўленьні волі;

4) буду патрабаваць узнаўленьня ў БДУ, адкуль я быў незаконна адлічаны, а таксама забесьпячэньня маіх правоў на атрыманьне адукацыі.

Франак Вячорка,19 студзеня 2009 году».

Копія звароту накіравана ў СМІ, пракуратуру Савецкага раёна, Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, Раённы ваенны камісарыят Савецкага раёна г Менску.

Заява Івана Шылы:

«У краіне, дзе няма правілаў, іх немагчыма і выконваць. За гады сяброўства ў Маладым Фронце я зразумеў, што закон можа трактавацца па-рознаму ў выпадку палітычнай мэтазгоднасьці. Правілы могуць парушацца тымі, хто сам патрабуе іх выкананьня.

Гэта тычыцца абсалютна ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця. Няма той гарантаванай Канстытуцыяй роўнасьці і справядлівасьці.

Ад самага пачатку я не афішаваў гісторыю з прызывам у войска, бо ня быў упэўнены да канца, ці ёсьць палітычны чыньнік і наколькі ён уплывовы. Маўчаў, нягледзячы на падставы гаварыць: вынікі першай камісіі, якая прызнала мяне непрыдатным да службы ў мірны час, раптоўна зьмянілі, мне неабгрунтавана абмежавалі выезд зь Беларусі і арганізавалі прызыўную камісію, не дачакаўшыся сканчэньня мэдычнай.

Мяне затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі і дастаўлялі ў ваенкамат, калі я сам туды ішоў. Прыязджала здымачная група Беларускага тэлебачаньня і супрацоўнікі КДБ, якія кансультавалі палкоўніка Заінчынскага, ваеннага камісара Салігорскага раёна. Я бачыў, як лекары вырашалі ўсе сумнеўныя пытаньні за некалькі хвілін.

Я ня веру ў выпадковасьці. Хочацца, але іх колькасьць дае падставы называць зьбег абставінаў заканамернасьцю альбо непазьбежнасьцю. Паўтары гады таму я быў асуджаны за «удзел у незарэгістраванай арганізацыі», паўгады таму я быў выключаны з школы перад апошнім выспытам. Гэта ня сьпіс дасягненьняў альбо асабістыя заслугі. Гэта канстатацыя фактаў, сьведчаньне таго, што актыўная грамадзкая пазыцыя правяла да нэгатыўных наступстваў і палітычнага ўціску. Ніколі не прасіў літасьці альбо шкадаваньня, бо гэта сьвядомы выбар. Выбар быць прынцыповым і пасьлядоўным.

За апошнія некалькі дзён я меў шэраг сустрэч, у тым ліку зь лекарамі, якія выносілі дыягназы. У мяне ёсьць дакладная інфармацыя, што на камісію аказваўся ціск супрацоўнікамі КДБ. Таму я лічу незаконным рашэньне аб стане майго здароўя, бо быў парушаны прынцып незалежнасьці мэдыцыны. Нават калі дыягназ адпавядае сапраўднасьці, ісьці ў войска - значыць пагадзіцца з нахабствам і незаконнасьцю.

Гэта не тыповая сытуацыя, таму і даваць ацэнкі зыходзячы з звычайных крытэраў нельга.

Я гатовы служыць у войску і выконваць той закон, які ня будзе парушацца чыноўнікамі Міністэрства абароны. Закон ён роўны для ўсіх ня толькі тады, калі трэба ісьці ў войска, але і пры выкананьні працэдуры.

Мая пазыцыя прынцыповая, я хачу расставіць кропкі над «і». Я ня буду выдумваць хваробы, «касіць» ці ламаць пальцы. Не, трэба быць адназначным і сказаць, што ёсьць чорным, а што белым.

Я ўсьведамляю, якія могуць быць наступствы і гатовы да іх. Я ня буду зьяжджаць зь Беларусі.

Я аптыміст, а быць аптымістам у Беларусі значыць патрабаваць немагчымага, таму:

1) Я гатовы прайсьці незалежную мэдычную камісію і адправіцца ў вайсковую частку, калі яна прызнае мяне прыдатным. Я зьяўляюся ў ваенкамат 3 лютага самастойна, пасьля сканчэньня зімовага прызыву, каб пазьбегнуць незаконнай фізычнай дастаўкі ў ваенную частку, як тое было з актывістам Партыі БНФ Зьмітром Жалезнічэнкам год таму.

2) Я заяўляю, што ня буду выконваць Закон аб воінскім абавязку, покуль ня будуць прыцягнуты да адказнасьці супрацоўнікі КДБ і ваенны камісар Салігорскага раёну, якія аказвалі ціск на сяброў мэдычнай камісіі.

3) Я заяўляю, што парушэньне маіх правоў, перадузятае стаўленьне і ціск супрацоўнікаў КБД на лекараў ня ёсьць выпадковасьцю - гэта палітычны перасьлед і «палітычны прызыў», які ў Беларусі становіцца тэндэнцыяй.

4) Я патрабую не абмяжоўваць маё права на атрыманьне адукацыі, то бок, даць мне магчымасьць скончыць сярэднюю школу і даздаць іспыт у траўні 2009 году.

Копія звароту накіравана ў СМІ, рэспубліканскую пракуратуру, Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, Салігорскі раённы ваенны камісарыят.

Іван Шыла, 19 студзеня 2009 году»

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках