Мінэканомікі прапаноўвае пазбаўляць прадпрымальнікаў ліцэнзіяў за падвышэнне коштаў
14- 22.01.2009, 9:08
Мінэканомікі Беларусі падасць у ліцэнзавальныя ворганы шэраг прапановаў аб пазбаўленні ліцэнзіяў на рознічны гандаль ці гандлёвых месцаў у дачыненні да гандляроў, што дапусцілі неабгрунтаванае завышэнне коштаў у студзені.
Аб гэтым заявіў журналістам у сераду намеснік дырэктара дэпартамента коштавай палітыкі, начальнік упраўлення па кантролі за захаваннем коштаў і тарыфаў Мінэканомікі Аляксандр Курыльчык, перадае «Інтэрфакс».
"Мы гатовыя падаць у ліцэнзавальныя ворганы прапановы аб пазбаўленні ліцэнзіяў на рознічны гандаль ці гандлёвых месцаў у дачыненні да гандляроў, што дапусцілі найгрубейшыя парушэнні коштаўтварэння", - сказаў ён, каментуючы праверкі захавання заканадаўства аб коштаўтварэнні ў рознічным гандлі, якія праводзіліся з 14 студзеня Мінэканомікі сумесна з Мінгандлем і камітэтам Дзяржкантролю.
"Першыя вынікі праверак сведчаць аб найгрубейшых парушэннях парадку фармавання коштаў як на харчовыя, так і нехарчовыя тавары", - падкрэсліў прадстаўнік Мінэканомікі. Паводле яго словаў, "завышэнне рознічных коштаў складае ад 5% да 70%. Ён таксама адзначыў, што найбольшая колькасць парушэнняў у сферы коштаўтварэння выяўленая ў гандлёвых прадпрыемстваў-імпарцёраў. А.Курыльчык таксама паведаміў, што шэраг службовых асобаў ужо аштрафаваныя на суму ад 30 да 40 базавых велічыняў (1 базавая велічыня - Br35 тыс. - ІФ).
Між тым, А.Курыльчык пацвердзіў, што з пачатку 2009 года не патрабуецца ўзгадняць з органамі коштаўтварэння індэксы рознічных коштаў. "Мінэканомікі не ўносіла прапановы па вызначэнні лімітных індэксаў коштаў сёлета", - сказаў ён.
Пры гэтым ён лічыць, што праводжаныя праверкі абгрунтаванасці росту коштаў у рознічным гандлі не ідуць насуперак абвешчанай лібералізацыі коштаўтварэння.
Паводле яго словаў, у хуткім часе Мінэканомікі дакладзе ўраду аб рэалізацыі гэтых праверак. Таксама А.Курыльчык не выключыў, што праверкі будуць працягнутыя.
Ён сцвярджае, што пасля праведзеных праверак "кошты зніжаюцца на 7-8%, хаця ёсць зніжэнне коштаў і на 15%, часцяком гэта падаецца прадаўцамі як зніжкі".