26 снежня 2024, Чацвер, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускай АЭС будуць кіраваць неадукаваныя?

12

Міністар энэргетыкі Беларусі Аляксандар Азярэц не падпісаў дакумэнтаў на далейшае навучаньне групы 24 чалавек, якія былі абраныя для кіраваньня першым рэактарам на беларускай АЭС.

Як паведамілі ананімныя крыніцы «Польскаму радыё», міністар энэргетыкі не патлумачыў гэтага рашэньня. Група спэцыялістаў была канчаткова скамплектаваная ў сярэдзіне сьнежня мінулага году. Набор кандыдатаў цягнуўся амаль год. Яны праходзілі шматлікія тэсты, пачынаючы ад прафэсійных ведаў, праверкі здароўя й завяршаючы псыхалягічнымі тэстамі.

Першая група ў складзе 24 спэцыялістаў неўзабаве мела быць накіраваная на навучаньне ў суседнюю Расею. Пасьля чаго адмыслоўцы павінны былі прайсьці практыку на атамных электрастанцыях у РФ, каб быць добра падрыхтаванымі да кіраваньня атамным рэактарам на беларускай АЭС. Плянавалася, што праз год на навучаньне будзе накіраваная другая група адмыслоўцаў.

Аднак на днях міністар Аляксандар Азярэц не падпісаў патрэбных дакумэнтаў, не патлумачыўшы свайго рашэньня.

Вядома, што беларускую АЭС будзе будаваць Расея. Асобы, якія займаліся адборам згаданых 24 кандыдатаў, былі расейцамі, толькі адзін чалавек у іх складзе быў беларусам.

У сваю чаргу, 21 студзеня на сустрэчы першага намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімера Сямашкі й генэральнага дырэктара закрытага акцыянэрнага таварыства «Росатам» Сяргея Кірыенкі было заяўлена, што міжурадавае пагадненьне аб будове першай АЭС у Беларусі будзе падпісана да канца 2009 году.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках