26 снежня 2024, Чацвер, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі могуць з'явіцца 500 000 беспрацоўных

11

Эканаміст Леанід Заіка перакананы, што ў беларускага ўраду няма практыкі працы ва ўмовах высокага ўзроўня безпрацоўя і складанай эканамічнай сытуацыі.

Учора ў Менску на сумесным пасяджэньні калегій Міністэрства эканомікі Беларусі і Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі распрацоўвалі плян сумесных дзеяньняў па мінімізацыі наступстваў крызісу, нагадвае «Радыё Свабода».

Дакумэнт перададзены на разгляд «саюзнага» Саўміну, паседжаньне якога заплянаванае на 30 студзеня.

Паводле міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвіры Набіулінай, беларуска-расейскі антыкрызісны плян закліканы дапамагчы захаваць цяперашні ўзровень супрацоўніцтва эканомік дзьвюх краін.

Гэты плян прадугледжвае захады дзеля паляпшэньня плацёжнага балянсу, скіраваныя перш за ўсё на тое, каб зьменшыць адмоўнае сальда ў гандлі Беларусі з Расеяй. Апрача таго, плян закліканы захаваць аб’ёмы двухбаковага таваразвароту і палепшыць умовы для працы прадпрымальнікаў у дзьвюх краінах. Паводле Эльвіры Набіулінай, летась таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй вырас на 30 адсоткаў і дасягнуў 34 мільярдаў даляраў. Ці ўдасца ўтрымаць такі ўзровень сёлета?

Незалежны эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што да гэтага ня трэба нават імкнуцца, а варта сканцэнтраваць увагу на тым, каб скараціць адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Расеяй, якое склала амаль 12 мільярдаў даляраў.

«Гэта надзвычай нязносная і надзвычай небясьпечная сытуацыя для Беларусі. Гэта пагроза беларускаму рублю, усёй беларускай фінансавай і банкаўскай сыстэме», - лічыць ён.

На думку Леаніда Заікі, увогуле паміж антыкрызіснымі захадамі ў Расеі і Беларусі няма поўнай адэкватнасьці, яны могуць супадаць толькі на 30-40 працэнтаў.

Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі, зь якім сустракалася міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвіра Набіуліна, учора паведаміў, што 30 студзеня ў Маскве ён сустрэнецца з Уладзімерам Пуціным. І ў рамках «саюзнага» Саўміну бакі зноў абмяркуюць сумесныя дзеяньні Беларусі і Расеі ва ўмовах крызісу.

Паводле Сяргея Сідорскага, цяпер, калі ў сытуацыі крызісу будуць вызваляцца працоўныя месцы ў розных сэктарах эканомікі, «трэба зрабіць усё магчымае, каб захаваць для людзей занятасьць». Прыярытэтам урадаў у гэтых умовах спадар Сідорскі назваў стварэньне новых працоўных месцаў і забесьпячэньне даходаў насельніцтва.

Незалежны эканаміст Леанід Заіка прагназуе, што ў Беларусі можна чакаць паўмільёна беспрацоўных.

«Мы можам разьлічваць — пры неспрыяльным складаньні фактараў зьнешніх рынкаў і пагаршэньні ўнутранай дынамікі, што ўжо назіраецца, — можам разьлічваць на паўмільёна беспрацоўных. Пры гэтым мы ня ведаем, што будзе з тымі нашымі людзьмі, якія працавалі за мяжой і страцілі працу ў суседніх краінах, уключна з Расеяй», - кажа экспэрт.

Эканаміст перакананы, што ў беларускага ўраду няма практыкі працы ва ўмовах істотнага беспрацоўя і складанай эканамічнай сытуацыі. А разьлічваць на дапамогу Расеі, на інвэстыцыйныя праекты з удзелам расейскага капіталу беларускаму ўраду цяпер ня варта, перакананы ён.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках