21 траўня 2024, aўторак, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хаваюць крызісны стан прадпрыемстваў

9

У афіцыйных справаздачах не фігуруюць дадзеныя аб многіх працаўніках, адпраўленых у вымушаныя адпачынкі за свой кошт.

Пасля заканчэння навагодніх і калядных вакацыяў працоўных і служачых многіх беларускіх прадпрыемстваў масава адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі за свой кошт. Але ў афіцыйных справаздачах за апошнія дні не з'явілася паведамленняў аб скарачэнні колькасці працаўнікоў, перадае «Нямецкая хваля».

Афіцыйныя справаздачы цешаць вока

Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі заявіла аб павелічэнні ўдвая колькасці беспрацоўных у Маскве пасля навагодніх і калядных святаў, а ў Менску і ў рэгіёнах, паводле сцверджання міністра працы і сацыяльнай абароны Уладзіміра Патупчыка, у дзяржслужбах занятасці няма апавяшчэнняў аб звальненнях людзей. Дадзеныя з беларускіх біржаў працы традыцыйна аптымістычныя. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў беларускай сталіцы на 1 студзеня склаў толькі 0,4 адсотка.

Але і ў сталіцы, і ў правінцыі людзі сцвярджаюць: працоўная раніца сёння абязлюдзела. У Берасці, распавядае прадпрымальнік Аляксандр Цялегін, нязвыкла прасторна ў аўтобусах і тралейбусах, якія пад'язджаюць да завадскіх прахадных.

Па словах Аляксандра Цялегіна, на найбуйнейшым прадпрыемстве па выпуску газавых плітаў і абсталявання «Гефест» адпраўленая ў адпачынак за свой кошт палова працаўнікоў. Такая ж сітуацыя на Берасцейскім электрамеханічным заводзе. На прыватным прадпрыемстве «Інкафуд» за свой кошт адпачываюць каля траціны працаўнікоў, на прадпрыемстве «Санта-Брэмар» - каля 30 адсоткаў.

«У мяне шмат сяброў, якія займаюцца швейным бізнэсам, і ад іх ведаю: шмат якія берасцейскія швейныя цэхі і прадпрыемствы спынілі працу ў сувязі з падвышэннем курсу даляра», - адзначае прадпрымальнік.

«Шчасця няма – ні за станком, ні ў бізнэсе»

Зараз Аляксандр Цялегін рэгіструе прыватнае прадпрыемства, звязанае з каўбаснай вытворчасцю. Але асцерагаецца, што хутка народу можа быць і не да каўбасы.

«Бацькі мае пенсіянеры, нядаўна ім зрэзалі пенсію. У шмат у каго ўрэзалі зарплаты», - распавёў прадпрымальнік.

Зараз ён з трывогай прыглядаецца да рынка і да ўсяго, што адбываецца ў сувязі з крызісам.

Паводе сцверджання Мікалая Чарнавуса, прадпрымальніка з Баранавічаў, у яго родным горадзе сітуацыя падобная. На вакацыі за свой кошт адпраўленыя працоўныя агрэгатнага заводу і прадпрыемства «Гандльмаш».

«Самы моцны ў нас завод, «Атлант», і той занурыўся, так што шчасця няма — ні за станком, ні ў бізнэсе», - кажа Мікалай Чарнавус.

Рэкамендавана – адпачываць

Шчасця, падобна, няма і ў Наваградку — там да сярэдзіны студзеня прыпыніў працу мясцовы завод газавай апаратуры. Прадукцыі на складах дастаткова, але пакупнікі ў Беларусі, Узбекістане і Расеі неплацёжаздольныя.

Губляюць грошы працаўніцы швейна-трыкатажнай фабрыкі «Світанак» у Жодзіна. Прадпрыемства пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень, а, значыць, і заробак зменшыцца на пятую частку.

Нават салігорскім шахцёрам, якія спраўна прыносяць Беларусі валюту, рэкамендавана ўзяць двухтыднёвыя студзеньскія адпачынкі. Генеральны дырэктар «Беларускалія» Андрэй Башура на канферэнцыі прафсаюза гарнякоў яшчэ ў сярэдзіне снежня не хаваў ад працаўнікоў, што пачатак года будзе складаным: з-за крызісу адмовіліся ад раней заяўленых аб'ёмаў паставак спажыўцы беларускіх калійных угнаенняў у Паўднёваўсходняй Азіі. Адміністрацыя «Беларускалія» ужо тады прапанавала заняць частку працаўнікоў бягучым рамонтам абсталявання.

Крызіс – час для рэформаў

Лідэр Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук заяўляе, што незалежныя прафсаюзы гатовыя дапамагчы адміністрацыям прадпрыемстваў пераадолець складаную сітуацыю. Але, па перакананні лідэра БКДП, дзяржава і ўрад не павінны перакладаць усе праблемы, звязаныя з крызісам, толькі на плечы працаўнікоў.

«А пакуль мы толькі гэта і бачым», - кажа прафсаюзны лідэр.

На думку Ярашука, зараз не час разгортваць пампезныя будоўлі - спартовыя забудовы і палацы. Ён упэўнены, што калі па-сапраўднаму заняцца рэжымам жорсткай дзяржаўнай эканоміі, дык на прадпрыемствах можна забяспечваць прымальны ўзровень зарабатнай платы і не дапускаць скарачэння колькасьці працоўных.

Нядаўна Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў прыняў спецыяльную заяву і заклікаў улады выкарыстаць крызіс для правядзення сапраўды наспелых эканамічных рэформаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках