Эканаміст: У Беларусі збіраюцца павысіць пенсійны ўзрост для жанчын
- 18.11.2026, 9:58
Мужчыны і так ледзь дажываюць да пенсіі.
Беларускія ўлады падрыхтавалі змены ў пенсійную сістэму, згодна з якімі плануюць павысіць пенсійны ўзрост для жанчын, паведаміў «Белсату» эканамічны аналітык Леў Львоўскі.
У беларускага ўрада ёсць некалькі відавочных рашэнняў, як крыху «залатаць дзірку» ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. Паводле слоў Льва Львоўскага, першае з іх — павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын, бо мужчынам павышаць ужо няма куды: яны і так ледзь дажываюць да пенсіі.
«Я ведаю з розных уцечак, што ўрад ужо разглядае праекты аб павышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын. Напрыклад, ураўняюць пенсійны ўзрост для мужчын і жанчын. То бок у нас жанчыны цяпер і жывуць на 10 гадоў даўжэй, і выходзяць на пенсію на 5 гадоў раней. Ну вось гэта, напэўна, будзе такая першая мера, на якую ўрад пойдзе, каб неяк залатаць дзіркі ў ФСЗН», — лічыць Львоўскі.
Мінулым годам людзі ва ўзросце ад 65 гадоў складалі 18,3% жыхароў Беларусі, і чакаецца, што да сярэдзіны стагоддзя іх доля можа дасягнуць 27,5%. Але павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын можа толькі трохі паменшыць гэтую праблему, а не вырашыць яе.
«Я думаю, мы можам чакаць павышэння пенсійнага ўзросту, але і гэта будзе як латка на плаціне. Можна сапраўды крыху паменшыць гэтую прапорцыю за кошт павелічэння пенсійнага ўзросту. Але гэта заўсёды непапулярная рэч, таму ўрады стараюцца адсоўваць гэта як мага далей», — кажа эксперт.
Другі варыянт паменшыць перакос — павялічваць падатковую нагрузку на работнікаў. Але Львоўскі адзначае, што і гэта не вырашыць галоўную праблему — у Беларусі ўсё роўна будзе працягвацца старэнне насельніцтва, а на моладзь можа лёгчы вельмі вялікая падатковая нагрузка.
«Вось цяпер у нас прыкладна 4 пенсіянеры на 10 чалавек працаздольнага ўзросту. Да сярэдзіны стагоддзя гэтая лічба павялічыцца да 7–8 пенсіянераў на 10 чалавек працаздольнага ўзросту. Гэта значыць, з кожнага працоўнага трэба будзе браць усё больш і больш падаткаў, адлічэнняў і гэтак далей — нешта трэба будзе браць, каб “карміць” гэтых пенсіянераў. Нафты ці дыяментаў у Беларусі няма, у нас усё вырабляецца чалавечай працай. Дык што сітуацыя цяжкая і будзе становіцца яшчэ цяжэйшай. Гэта будзе азначаць, што Беларусь будзе яшчэ менш канкурэнтаздольная для сваёй жа моладзі, бо яе трэба будзе абкладаць усімі гэтымі падаткамі», — кажа Леў Львоўскі.