Кіраўніца Еўракамісіі параўнала эканамічнае развіццё Польшчы і Беларусі
1- 17.11.2026, 9:28
Краіны пачыналі з аднаго ўзроўню.
Пасля падзення камунізму Польшча і Беларусь знаходзіліся прыкладна на адным узроўні дабрабыту, але потым абралі розныя шляхі развіцця. Пра гэта 16 лістапада заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен на Форуме пашырэння ЕС у Бруселі, піша «Позірк».
«Польшча абрала дэмакратыю і еўрапейскую інтэграцыю, Беларусь пайшла іншым шляхам. Сёння ВУП на душу насельніцтва ў Польшчы амаль утрая вышэйшы, чым у Беларусі», — сказала кіраўніца ЕК.
Па словах фон дэр Ляен, пашырэнне Еўрасаюза ў 2004 годзе прывяло да значных эканамічных пераўтварэнняў. У краінах, якія тады ўступілі ў ЕС, рэальная заработная плата падвоілася.
Яна падкрэсліла, што выйгралі не толькі новыя члены, але і дзяржавы, якія ўваходзілі ў аб’яднанне на той момант. Паводле прыведзеных дадзеных, дзякуючы пашырэнню даходы ў разліку на аднаго жыхара ЕС выраслі на 10%.
Кіраўніца Еўракамісіі заявіла, што ўпершыню за многія гады з’явілася рэальная перспектыва новага пашырэння ЕС. Чарнагорыя, паводле яе слоў, блізкая да завяршэння перамоваў аб уступленні, Албанія дасягае «значнага прагрэсу», а Украіна і Малдова працягваюць рухацца еўрапейскім шляхам, нягледзячы на «вонкавы ціск».
Што паказваюць дадзеныя Сусветнага банка
Параўнанне Польшчы і Беларусі пацвярджаецца статыстыкай Сусветнага банка. За 2025 год намінальны ВУП на душу насельніцтва ў Польшчы складаў 28 419,6 долараў, у Беларусі — 10 279,3 долараў. Польскі паказчык апынуўся вышэйшы за беларускі ў 2,76 раза.
Гаворка ідзе пра ВУП у бягучых доларах ЗША, без уліку адрозненняў у ўзроўні цэн паміж краінамі.