18 лiстапада 2026, Серада, 9:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адно слова па-польску — пяць сутак ШІЗА»

«Адно слова па-польску — пяць сутак ШІЗА»

Былы палітвязень расказаў пра самую «дзівосную» забарону ў калоніі.

Былы палітвязень і былы следчы Яўген Юшкевіч расказаў, што ў беларускай калоніі яму пагражалі пяццю суткамі ШІЗА за адно слова па-польску. Паводле яго слоў, зняволеным забаранілі захоўваць падручнікі польскай, а ўсе знойдзеныя кнігі, у тым ліку яго асабістыя, спалілі.

Праз два месяцы пасля вызвалення Юшкевіч апублікаваў у Threads допіс, дзе адказаў на пытанні пра жыццё ў зняволенні і пасля выхаду на волю. У прыватнасці, ён расказаў пра забароны, з якімі сутыкнуўся ў калоніі, піша «Зеркало».

«Шмат што, але самае дзіўнае і цяпер мне патрэбнае — польская мова. Уражанне, што ў пэўны момант у калоніі захоўваць падручнік польскай мовы было небяспечней, чым невялікі супрацьтанкавы гранатамёт», — напісаў былы палітвязень, які пасля вызвалення і прымусовага выдварэння з краіны аселіўся ў Польшчы.

Паводле слоў Юшкевіча, неяк яму наўпрост пагражалі пакараннем за размоўную практыку па-польску:

«Неяк мне прапанавалі: «Адно слова па-польску — пяць сутак ШІЗА. Рызыкнеш?». Усе (і мае асабістыя) падручнікі польскай у калоніі на самым пачатку гэтай кампаніі проста забралі і спалілі, і іх было шмат».

Дайходзіла і да кур'ёзных сітуацый, узгадвае былы следчы.

«А калі мы абмяркоўвалі кнігі амерыканскага нейрабіёлага Роберта Сапольскі, стукачы беглі з даносамі, што «бэчары вучаць польскую». Навошта ўсё гэта? Я не разумею. Так, спальвалі. Падручнікі. Польскай. А потым самі ж вывезлі ў Еўропу», — напісаў былы палітвязень.

Яўген Юшкевіч — былы следчы Следчага камітэта і стваральнік праекта ByChange, які дапамагаў людзям, звольненым з палітычных матываў. Яго затрымалі ў красавіку 2021 года і прысудзілі да 11 гадоў калоніі. 16 верасня 2026 года Юшкевіча вызвалілі пасля перамоў беларускіх уладаў з прадстаўнікамі ЗША і прымусова вывезлі ў Літву.

Раней іншыя палітвязні таксама распавядалі пра пакаранні за вывучэнне польскай мовы. Напрыклад, адзін з былых вязняў Уладзіслаў Яфімовіч узгадваў, што атрымаў дзесяць сутак ШІЗА пасля таго, як у яго знайшлі падручнік польскай і чэшскай моў. Паводле ягоных слоў, у калоніі польскую і ўкраінскую лічылі «мовамі ворагаў».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲