26 снежня 2024, Чацвер, 18:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За адну ноч беларусы страцілі мільярд даляраў

11

Па падліках эканаміста Леаніда Заікі, з-за дэвальвацыі насельніцтва Беларусі пазбавілася каля 1 мільярда даляраў.

На рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты, у выніку якой даляр і еўра ўзляцелі «у нябёсы», Нацыянальны банк вырашыўся сам, хоць і не без падказкі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), пішуць «Беларускія навіны».

Як заявіў агенцтву «Интерфакс-Запад» начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў, Міжнародны валютны фонд рэкамендаваў Нацыянальнаму банку знізіць курс беларускага рубля, але ад іх не было рэкамендацыяў па тактыцы: «Тактыку нам ніхто не навязваў. Мы самастойна абралі сцэнар аднамомантавага зніжэння курсу на 20%». Юрыдычна рашэнне аб зніжэнні курсу нацыянальнай валюты было прынятае ўпраўленнем Нацбанка па ўзгадненні з прэзідэнтам Беларусі.

Па словах прадстаўніка Нацбанка, эксперты МВФ лічаць, што плаўнае зніжэнне курсу прыводзіць да страты даверу да нацыянальнай валюты, а аднамомантавы выхад на зніжэнне курсу і строгае захаванне ў далейшым заяўленай курсавой палітыкі дазваляе не губляць даверу да нацыянальнай валюты.

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў дзеянні ўладаў апраўдвае. На яго думку, дэвальвацыя рубля была праведзеная «вельмі прафесійна». «Аднаразовае зніжэнне курсу нацыянальнай валюты не правакуе насельніцтва на канвертаванне сваіх зберажэнняў з рублёў у даляры. У айчынных банках дастаткова шмат укладаў у беларускіх рублях, і калі б пачалася паніка, гэта магло б прывесці да больш істотнай дэвальвацыі, чым на 20%», — цытуе яго БЕЛТА.

На думку ж былога кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча, зніжаць рубель трэба было ўсё ж паступова, бо рэзкая дэвальвацыя прывядзе да зніжэння ўзроўня жыцця насельніцтва.

Па падліках кіраўніка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леаніда Заікі, за адну навагоднюю ноч насельніцтва Беларусі пазбавілася каля 1 мільярда даляраў. «Дэвальвацыя хутчэй стала не лекамі для эканомікі, а пургенам для насельніцтва. Гэта адбылося цынічна, пад салодкія прамовы ўладаў», — сказаў ён «Беларускім навінам».

На яго думку, справа не ў тым, якая дэвальвацыя лепш — дробнымі дозамі ці адной, але буйной. Праблемы з абменным курсам, гандлёвым балансам былі хранічнымі і раслі як снежны ком на працягу ўсяго апошняга года: «У 2008 годзе ў гандлі з Расеяй мы набылі тавараў на 11 мільярдаў даляраў больш, чым прадалі. Разрыў павялічваўся кожны месяц амаль на мільярд. Які абменны курс такое вытрымае? Больш за ўсё мне незразумела, што ўвесь гэты час рабілі Сідорскі (прэм'ер-міністр — «БН»), Герой працы Пракаповіч (кіраўнік Нацбанка — «БН»)?».

Зыходзячы з 20-адсоткавага падзення курсу рубля, эканоміка ўпала прыкладна на 11 мільярдаў даляраў, адзначыў эксперт. У сувязі з гэтым ён прапаноўвае ўраду пералічыць свае паказчыкі пры падвядзенні вынікаў 2008 года. У прыватнасці, рост ВУП павінен быць не плюс 10%, а мінус 10%, а паказчык зарабатнай платы не плюс 9%, а мінус 11%. Крыху вышэй за нуль могуць быць хіба што паказчыкі па інвестыцыях і рознічным таваразвароце. Аднак самае паказальнае ў тым, падкрэслівае Леанід Заіка, што адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй, як было мінус 11 мільярдаў даляраў, так і засталося.

Аб планах па дасягненні сярэдняй зарплаты ў Беларусі ў 700 даляраў да канца 2010 года зараз можна забыцца, лічыць эксперт.

На думку Леаніда Заікі, вынікам «бліскучай» эканамічнай палітыкі ўрада Беларусі быў бы пераход на расейскі рубель. «Беларускі рубель апусцілі да 2 700 за даляр. Калі адкінуць два нулі, гэта прыкладна 27 расейскіх рублёў. Мы падвялі нашую валюту да адпаведнасці з расейскім рублём (зараз 29 рублёў за даляр). Тады трэба зрабіць і другі крок: закрэсліць два нулі і пераходзіць на расейскі. І больш не спатрэбіцца рабіць ніякіх дэвальвацыяў. А насельніцтву праіндэксаваць страчаныя зберажэнні. Я думаю, Пуцін бы гэта зрабіў», — адзначыў эксперт.

Яшчэ адзін аспект, на які ён звяртае ўвагу: пасля дэвальвацыі беларускі рубель згубіў давер у беларускіх грамадзянаў: «Рубель страціў палову сваіх асноўных функцыяў, — як мера кошту і як сродак зберажэнняў. Хто пасля ўсяго, што адбылося, будзе трымаць свае зберажэнні ў рублях? У нас ізноў пачынаецца далярызацыя эканомікі».

У Нацыянальным банку Беларусі ўпэўненыя, што яшчэ аднаго значнага падзення беларускага рубля на працягу цяперашняга года больш не будзе. Аднак Леанід Заіка перакананы, што курс рубля і далей будзе зніжацца. «Ад дэвальвацыі выйгралі тры катэгорыі: супрацоўнікі замежных кампаніяў, чыноўнікі, якія бяруць хабары ў валюце, і валютныя прастытуткі», — пажартаваў ён.

Эканаміст даследчага цэнтра ІПМ Алена Ракава лічыць, што ва ўмовах інфляцыі (а яе рост будуць выклікаць і крэдытная падтрымка банкаў, і рост субсідыяў у эканоміцы) эфект ад праведзенай дэвальвацыі можа быць вельмі кароткатэрміновым. Для скарачэння імпарту і паляпшэння сітуацыі з дэфіцытам гандлёвага балансу велічынёй больш за 4 млрд. даляраў патрэбная дэвальвацыя ў два-тры разы, што, натуральна, пакуль немагчыма, разважае яна на сайце «Нашае меркаванне». Альбо рэзкае скарачэнне бюджэтных інвестыцыйных праграмаў (будаўніцтва, мадэрнізацыі і інш.).

Эксперт мяркуе, што праведзеная дэвальвацыя дапаможа вырашыць кароткатэрміновыя праблемы беларускай эканомікі, але наўрадці яна будзе апошняй. «Без значных структурных рэформаў краіна проста будзе «праядаць» атрыманыя крэдыты», — робіць выснову Алена Ракавая.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках