27 красавiка 2024, Субота, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Час цвяроза ацаніць вынікі новай палітыкі Еўропы

25
Андрэй Саннікаў: Час цвяроза ацаніць вынікі новай палітыкі Еўропы

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» пракаментаваў артыкул кіраўнікоў МЗС Італіі і Літвы.

Артыкул міністраў Франка Фраціні і Вігаўдаса Ушацкаса пад назвай «Еўрапейская Беларусь» быў апублікаваны 13 кастрычніка ў выданні European Voice.

«Артыкул двух міністраў нібы напісаны летась у жніўні. Менавіта тады еўрапейцы мелі надзеі, што ў Беларусі магчымыя нейкія змены пры рэжыме Лукашэнкі. Аднак за мінулы год гэты рэжым даказаў адваротнае, развязаўшы новыя рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з ужываннем катаванняў, фізічнага гвалту і бруднага паклёпу. Адных палітвязняў змянілі на іншых. Можна цалкам пагадзіцца з тэзісам артыкула пра тое, што Беларусь мае патрэбу ў Еўропе. Але менавіта Беларусь, беларускі народ, а не правячы ў краіне рэжым. Перыяд пацяплення адносінаў Еўропы да беларускіх уладаў красамоўна прадэманстраваў, хто стаіць на шляху Беларусі ў Еўропу, і хто замінае развіццю нармалёвых адносінаў Еўропы з Беларуссю», -- пракаментаваў Андрэй Саннікаў сайту europeanbelarus.org.

На думку палітыка, з артыкула вынікае, што некаторыя еўрапейскія палітыкі ўсё яшчэ спадзяюцца перавыхаваць Лукашэнку.

«Гэта выглядае даволі дзіўна, калі ўлічыць рэакцыю людзей у краінах Балтыі на манеўры з удзелам беспрэцэндэнтнай колькасці расейскіх войскаў і тэхнікі, што адбыліся нядаўна на тэрыторыі Беларусі. Адной з мэт гэтых вучэнняў была адпрацоўка прарыву да «блакаднага Калінінграда» праз тэрыторыю Літвы. Не бачыць пагрозу, якая сыходзіць ад такіх ваенных падрыхтовак, значыць не надаваць сур’ёзнага значэння еўрапейскай і міжнароднай бяспецы.

Толькі дэмакратычная апазіцыя і грамадзянская супольнасць з’яўляюцца гарантам нармалёвага развіцця Беларусі, аднаўлення поўнамаштабных адносінаў з Еўропай, умацавання бяспекі ў рэгіёне. Свабодныя выбары ў Беларусі не адбудуцца, калі Еўропа будзе заплюшчваць вочы на свае базавыя каштоўнасці: правы і свабоды чалавека. Свабодныя выбары не адбудуцца, калі будзе працягвацца падтрымка рэжыма Лукашэнкі на карысць надуманым геапалітычным інтарэсам. Нельга падмяняць пытанне пра дэмакратыю ў Беларусі пытаннем пра прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Такая падмена паняццяў дазваляе Лукашэнку дастаткова эфектыўна гандлявацца ў двух напрамках – ва ўсходнім і заходнім.

Я разумею спробу двух міністраў яшчэ раз патлумачыць беларускаму рэжыму магчымасці для супрацоўніцтва з Еўропай, якія адкрываюцца. Але час ужо паглядзець на вынікі новай палітыкі Еўропы ў дачыненні Беларусі і цвяроза іх ацаніць», -- заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках