4 траўня 2024, Субота, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

5 гадоў таму была забітая журналістка Вераніка Чаркасава

6
5 гадоў таму была забітая журналістка Вераніка Чаркасава

Справа аб забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай па-ранейшаму прыпыненая.

Пра гэта паведаміла журналістам на брыфінгу 19 кастрычніка супрацоўніца прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Бабак.

Па словах Бабак, яна неаднаразова звярталася ў пракуратуру Менска з пытаннем, як прасоўваецца расследаванне забойства Чаркасавай. «Па тэлефоне мне паведамлялі, што пракуратура пераехала ў новы будынак, таму даць мне якую-небудзь інфармацыю ці тэлефон следчага ніхто не можа. Для атрымання інфармацыі трэба асабіста прыйсці ў пракуратуру і патэлефанаваць па ўнутраным тэлефоне», — цытуе Бабак агенцтва БелаПАН.

Прадстаўнік БАЖ так і зрабіла. «У мяне атрымалася звязацца са следчым аддзела па асабліва важных справах пракуратуры Менска Сяргеем Івановым, які вядзе справу аб забойстве нашай калегі. Ён сказаў, што нічога новага паведаміць не можа. Следства было прыпыненае 8 лютага 2007 года і дагэтуль не аднаўлялася», — паведаміла супрацоўніца прэс-службы.

Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанес журналістцы больш за 40 нажавых удараў. Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак следства першапачаткова разглядала ў якасці асноўнай версію забойства на бытавой глебе. Падазраванымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. У красавіку 2005 года падазрэнне з іх было знятае.

Калегі Чаркасавай лічаць, што яе забойства з вялікай доляй верагоднасці магло быць звязанае з прафесійнай дзейнасцю. У прыватнасці, прадстаўнікі творчай майстэрні «Агенцтва журналісцкіх расследаванняў» пры БАЖ выказалі версію, што Чаркасава магла апынуцца ўцягнутай у вайну паміж двума кланавымі групоўкамі за ўсталяванне кантролю над гомельскім заводам па вытворчасці вінаў. Забітая журналістка, на іх думку, магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктуючых бакоў стратай буйной сумы грошай.

Калегамі Чаркасавай высоўвалася і іншая версія забойства — у ёй фігуравалі былы «Інфабанк» (цяпер «Трастбанк») і тэма продажу Беларуссю зброі Іраку пры Садаме Хусейне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках