3 траўня 2024, Пятніца, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: «Я ўжо наеўся ўлады так, што ванітуе»

81

На сустрэчы з кіраўніком МЗС Эстоніі беларускі дыктатар казаў у асноўным пра санкцыі Еўрапейскага Звяза.

«Адменіце вы санкцыі – дзякуй, не адменіце – таксама дзякуй. Напэўна, вам так зручна. Калі вы іх зноў працягніце, то мы будзем гэта ўспрымаць, як спробу зноў нас падвесіць і штосьці з нас выціснуць. Гэта контрпрадуктыўна і бесперспектыўна», - заявіў Лукашэнка, падчас сустрэчы ў Менску з міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Паэтам, паведамляе «Інтэрфакс».

Як адзначыў беларускі правіцель, «калі еўрапецы будуць стала трымаць нас у падвешаным стане, нешта абяцаць, патрабаваць зрабіць крок сюды, крок туды, тых вызваліць, гэтых пасадзіць, то мы не можам пагадзіцца на такую палітыку».

«Мы навучыліся жыць самі, знайшлі сяброў далёка за межамі Еўропы, мы дыверсіфікавалі нашую знешнюю палітыку», - сказаў А.Лукашэнка.

Паводле яго словаў, «21 стагоддзе – гэта не час для такой практыкі адносін».

«Не ўмовы, не ўльтыматумы, не ваенныя дзеянні будуць вызначаць развіццё. Развіццё будзе вызначаць тая вага дзяржавы, якую яна ўносіць па супрацьдзеянні выклікам 21 стагоддзя», - заявіў Лукашенка.

«Што тычыцца гэтых выклікаў, то мяркую, што Еўропа без Беларусі не абыйдзецца. Калі Еўропа гэтага сёння не разумее, яна зразумее гэта заўтра», - сказаў беларускі дыктатар.

Паводле яго словаў, «перш чым нас дэмакратызаваць, Еўропа павінна бачыць то станоўчае, што мы сёння нясем Еўропе, і абапірацца на фундаментальныя рэчы».

«Мы не супраць размаўляць пра дэмакратыю, але мы жадаем, каб Еўропа бачыла і іншы бок медаля – больш важны, больш істотны для самой Еўропы», - сказаў А.Лукашэнка.

«Мы не прымаем падвоеных стандартаў», - заявіў Лукашэнка.

«Яшчэ кажуць так: Лукашэнка на гэта не пойдзе, бо ён баіцца згубіць уладу. Хачу сказаць шчыра і канкрэтна: Лукашэнка ўжо дастаткова ва ўладзе, ён наеўся гэтай улады так, што ўжо ванітуе», - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Працягваючы, А.Лукашэнка заўважыў: «У імя чаго я імкнуся захаваць уладу? У мяне заўжды была адна мэта – каб мы захавалі суверэнітэт, незалежнасць, каб на гэтым кавалку зямлі людзі адчувалі сябе дома. Вось мэта маёй уладнай палітыкі».

«Таму вось гэтая балбатня, якая, у асноўным, у Еўропе задзейнічана ад нашай апазіцыі, часам мяне проста прыгнятае», - заявіў Лукашэнка.

«Я кажу гэта да таго, што некаторыя сёння пачалі казаць, што напярэдадні паседжання Рады міністраў Еўрапейскага звяза, якое пройдзе ў лістападзе, мы тут спрабуем штосьці лібералізаваць і згуляць пад Еўропу. Вось ад чаго я засцерагаю нашы міністэрства замежных спраў і ўрад, каб ні ў якім разе пад гэты момант нічога не рабілі», - адзначыў беларускі дыктатар.

Паводле яго словаў, «Еўропа мусіць разумець, што мы больш нацэльваемся на стратэгію, чым на гэтую тактыку».

Лукашэнка заявіў што, «мы будуем адносіны з Еўропай не на грунце імгненных крокаў ці дэманстрацый».

«Мы жадаем будаваць змястоўныя, фундаментальныя адносіны. Хоча гэтага Еўропа – давайце гэта рабіць», - сказаў беларускі правіцель.

Нагадаем, што на сённяшні дзень візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў часткова прыпыненыя. У лістападзе 2009 года міністры краін ЕЗ вернуцца да гэтага пытання. Тым не менш сітуацыя ў Беларусі не мяняецца: у турмах працягваюць знаходзіцца палітвязні, рэпрэсіі супраць апазіцыі працягваюцца, падаўляюцца мірныя дэманстрацыі, свабода слова знішчана, выбарчае заканадаўства не адпавядае стандартам АБСЕ.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках